У Гарадку стартуе XXX Дзень беларускага пісьменства
02.09.2023
Асноўнай тэмай з'яўляецца юбілей Дня беларускага пісьменства. Сімвалічным стала месца правядзення свята (Віцебская вобласць) - тры дзесяцігоддзі таму яно ўпершыню прайшло ў Полацку, які за гэты час тройчы было сталіцай згаданага мерапрыемства. Сёлета эстафету прыняў Гарадок.
Брэндам Гарадоцкага раёна з'яўляецца галоўны герой паэмы "Тарас на Парнасе", напісанай Канстанцінам Вераніцыным - ураджэнцам гэтай зямлі. У райцэнтры пройдзе фестываль народнай творчасці, паэзіі і фальклору "Гарадоцкі Парнас", прысвечаны творчасці выдатнага беларускага паэта.
Важнымі тэмамі Дня пісьменства стануць таксама Год міру і стварэння, 80-годдзе вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Маўра. Акрамя таго, пачнуцца мерапрыемствы, прысвечаныя 20-годдзю праекта "Бацькаўшчына. У пошуках страчанага". Таксама асаблівасцю сёлетняга мерапрыемства стануць выставы ўсіх гарадоў, якія былі сталіцамі Дня беларускага пісьменства.
Госці свята змогуць пазнаёміцца з вядомымі сучаснымі літаратурнымі дзеячамі, падтрымаць выступленні юных чытальнікаў, якія сталі фіналістамі рэспубліканскага конкурсу "Жывая класіка", наведаць розныя інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку маладзёжныя, выставы, прэзентацыі кніг і праектаў, "Фестываль кнігі і прэсы", кінапаказы.
Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбудзецца сёння ў 20.00. Яго неад'емнай часткай стане ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія".
Прадоўжыцца свята 3 верасня тэматычнымі выставамі, прэзентацыямі, работай інтэрактыўных пляцовак. Таксама гасцей Гарадка чакае кулінарны фестываль "Мара гурмана".
Урачыстае закрыццё знакавага мерапрыемства пройдзе ў 14.00 на галоўнай плошчы райцэнтра.