Урад 23 мая правядзе выязное пасяджэнне па развіцці Аршанскага раёна

10.05.2017

 

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 23 мая ўрад правядзе выязное пасяджэнне па праблемах развіцця Аршанскага раёна, паведамілі ў прэс-службе ўрада. 

Дата пасяджэння агучана прэм\'ер-міністрам Андрэем Кабяковым у час рабочай нарады па падрыхтоўцы і правядзенні гэтага мерапрыемства. Паводле слоў кіраўніка ўрада, будуць дэталёва разгледжаны праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. \"Асаблівая ўвага будзе ўдзелена перспектывам развіцця населеных пунктаў раёна. Разгледзім пытанні развіцця вытворчага сектара, прыцягнення інвестыцый, будаўніцтва жылля, транспартнай інфраструктуры, занятасці насельніцтва, у тым ліку пілотны праект па рэалізацыі рашэнняў, якія далі б адчувальны рэзультат для рэгіёна\", - адзначыў Андрэй Кабякоў. 

Прэм\'ер-міністр нагадаў, што напярэдадні выязнога пасяджэння Савета Міністраў вядзецца актыўная работа членамі ўрада, якія дэталёва, з выездам на месцы, аналізуюць існуючыя праблемы раёна, вывучаюць усе ключавыя пытанні, а таксама перспектывы развіцця. \"Усе напрацаваныя прапановы павінны быць аргументаваны, мець сістэмны характар і пакладзены ў аснову праекта па перазапуску эканомікі рэгіёна\", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

БЕЛТА.