\"Вішнёвы фестываль\" у Глыбокім атрымаў статус міжнароднага свята

11.07.2017

 

\"Вішнёвы фестываль\", які пройдзе ў Глыбокім 18-22 ліпеня, атрымаў статус міжнароднага свята, паведамілі ў Глыбоцкім райвыканкаме.

\"У мінулым годзе ў раённым свяце прымалі ўдзел творчыя калектывы з пяці краін, таму Міністэрства культуры падтрымала нашу заяўку. З 2017 года фестывалю прысвоены статус міжнароднага. Цяпер мы пашырылі геаграфію: толькі творчыя калектывы да нас прыязджаюць з сямі краін, а з улікам афіцыйных дэлегацый гасцей нават больш. Гэта Расія, Кітай, Ізраіль, Францыя, Польшча, Латвія, Літва, Эстонія, Малдова, Грузія. Фестываль ужо 5 гадоў з\'яўляецца месцам яднання розных культур, таму сімвалічна, што ў бягучым годзе мы адкрыем тэматычную дэкаратыўна-мастацкую кампазіцыю \"Дружба народаў\", - адзначылі ў райвыканкаме.

Першыя дні фестывалю стануць своеасаблівай прэлюдыяй да галоўных падзей. Так, 18 ліпеня пасля ўрачыстага адкрыцця пачнецца Дзень грамадскіх аб\'яднанняў: будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, праграма \"Вішнёвы дыліжанс\". А 20 ліпеня пройдзе Дзень моладзі з аўта- і велашоу, якаснай музыкай і паказам маладзёжнай моды. Усіх аматараў здаровага ладу жыцця 19 ліпеня запрашаюць на гарадскі стадыён, які стане цэнтрам Дня спорту. У яго праграме другая спартакіяда раёна сярод кіраўнікоў устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і работнікаў дзяржорганаў \"Вішнёвая Эліта - 2017\", а таксама ўзрыў гігантаманіі: гіганцкія шашкі і шахматы, крыжыкі-нулікі, гіганцкія хадулі і лыжы, гіры і \"пятнашкі\", футбол і валейбол (бампербол), турнір \"Чалавек-гігант\". Дадатковым бонусам стане спартыўны этап конкурсу прыгажосці Miss World Extreme, асноўныя падзеі якога разгорнуцца на базе экатурыстычнага комплексу. У Глыбокім збяруцца больш за 35 прыгажунь з Балгарыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Індыі, Казахстана, Кітая, Латвіі, Малайзіі, Мальты, Мексікі, Расіі, Украіны, ЗША, Калумбіі і інш. Конкурс уключае велаэстафету, гарадскія квесты, у тым ліку \"Знайдзі вішню шчасця\", спаборніцтвы на байдарках, удзел у авіяшоу, традыцыйны \"Вішнёвы забег\", конкурсную праграму талентаў народаў свету і многае іншае.

Таксама ўдзельнікі наведаюць дзіцячы дом. У заключны дзень конкурсу - 22 ліпеня - запланавана ўрачыстае шэсце прыгажунь у нацыянальных касцюмах. \"Асноўныя мерапрыемствы фестывалю пройдуць 21 і 22 ліпеня. Самыя папулярныя ў гледачоў - этнавечарынка, конкурс баяністаў (гран-пры ў якім - баян вішнёвага колеру), рэгістрацыя шлюбу \"Вішнёвае вяселле\", канцэрт замежных калектываў, аўкцыён \"Вішнёвы пірог\". І па традыцыі ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры \"Глыбоцкая вішня\" да цэнтральнай сцэны пройдзе святочнае шэсце з удзелам Вішнёвай Каралевы. Дарэчы, мы рыхтуем сюрпрыз: у бягучым годзе ў каралевы з\'явіцца ўласная рэзідэнцыя - драўляны замак на беразе возера\", - дадалі арганізатары. У дні фестывалю свята захопіць усё Глыбокае: будуць працаваць падворкі з пачастункамі, выстаўкі і прэзентацыі (ад арт-праектаў да экспазіцый музычных інструментаў), \"Вішнёвы АРБАТ\" з майстар-класамі па вырабе сувеніраў, гандлёвыя рады, тэматычныя пляцоўкі і турыстычны кірмаш.

Праект \"Вішнёвы фестываль\" Глыбоцкага раёна ў 2012 годзе заняў другое месца ў Рэспубліканскім конкурсе творчых работ па папулярызацыі гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь на III Міжнародным форуме \"Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць\". Гэта падзея паклала пачатак працэсу вяртання Глыбоцкаму краю ранейшага ганаровага звання \"Горад-сад\": вішнёвыя дрэвы сёння можна ўбачыць у кожным двары горада і раёна.

Кацярына Князева - БЕЛТА.