Чым частавалі фермеры на абласным сельскагаспадарчым форуме «АграСтарт. Тэрыторыя магчымасцей»?

Чем угощали фермеры на областном сельскохозяйственном форуме «АгроСтарт. Территория возможностей»?

Чым частавалі фермеры на абласным сельскагаспадарчым форуме «АграСтарт. Тэрыторыя магчымасцей»?

20.05.2026

У фае канцэртнай залы «Віцебск» сталы ламіліся ад багацця фермерскіх пачастункаў, а ўдзельнікі форуму пераходзілі ад пляцоўкі да пляцоўкі, спрабавалі прадукцыю калег і абменьваліся кантактамі. У Віцебск прадукцыя прыехала з кожнага кутка вобласці. Для дэгустацыі былі прадстаўлены духмяныя сыры, хатняя каўбаса, хлебабулачныя вырабы, мёд і многае іншае.

Ганна Цітова прыехала з вёскі Якужы Мёрскага раёна. Яна прывезла больш за 14 відаў сыроў паўгадавой вытрымкі – усе яны былі даступныя для пробы. Рамесніца рыхтуе іх па традыцыйных, часам нават забытых усімі рэцэптах і прапануе людзям пазнаёміцца з новымі смакамі.

– На мой погляд, самае ўнікальнае – карпацкая брынза. Гэта малады мяккі сыр, які можна ўжываць у якасці спецыі да любых прадуктаў. А каб было смачней, я прапаную паспрабаваць сваю прадукцыю з крэкерамі і мёдам, – распавядае Ганна.

Сялянка прапанавала нам таксама далучыцца да дэгустацыі. Мы не адмовіліся – было смачна!

Аршанскі раён парадаваў мяснымі вырабамі – каля стэнда сабралася шмат ахвотных пакаштаваць смачныя пачастункі. Сярод нарэзкі былі і саляніна, і каўбасы, і сала. Ахвотным паспрабаваць прадукцыю прадстаўніца Аршаншчыны Крысціна Наталэвіч прыадкрыла заслону вытворчых таямніц і з задавальненнем дзялілася падрабязнасцямі прыгатавання.

– Бачым, што людзям падабаюцца нашы прадукты. Нашы крамы на сённяшні дзень прадстаўлены толькі ў Оршы, аднак мы плануем пашыраць геаграфію паставак. Арыентуемся на Віцебск, Мінск, – удакладняе дзяўчына.

Пасля шчыльнага перакусу пара пераходзіць да прысмакаў. На дэгустацыю мёду запрашаў Алік Пчанка. Яго пчальнік размясціўся ў маляўнічай вёсцы Лужкі Шаркаўшчынскага раёна ў пойме ракі Мнюта. У асартыменце ёсць мёд з цытрынай, лаймам, парэчкай, журавінамі з Ельні, праполісам. Фермер не толькі вырабляе экалагічны і карысны прадукт, але і ладзіць мядовыя парылкі для гасцей яго аграэкасядзібы. А пасля лазні прапануе пачаставацца жытнёвым квасам на мёдзе. Карэспандэнты «ВВ» таксама яго паспрабавалі – гэта выдатны напой для здавалення смагі ў летнюю пару.

Галоўная мэта мерапрыемства – прадставіць сельскагаспадарчы патэнцыял Віцебскай вобласці. Сярод удзельнікаў былі не толькі фермеры, але і навучэнцы агракласаў і каледжаў. Для рабят такая выстава стала выдатнай магчымасцю пазнаёміцца з гаспадаркамі і зразумець, што жыццё на сяле па-свойму перспектыўнае.

Алена Барздыко, першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама:

- На Віцебшчыне дзейнічае 189 аграэкасядзіб, якія летась наведалі больш за 42 тыс. турыстаў. Аграэкасядзібы выйшлі на якасны ўзровень працы, прапаноўваючы вялікі спектр паслуг: харчаванне, арганізацыя экскурсій ва ўзаемадзеянні з турфірмамі і розных мерапрыемстваў для гасцей, майстар-класы, рамяство. Дарэчы, працягласць знаходжання аднаго чалавека на аграэкасядзібе складае 4 дні. Тады як у цэлым па вобласці – 2 дні з улікам санаторыяў, турфірмаў, гасцініц.
Ёсць перспектывы развіцця сельскага турызму, чаму спрыяе спрошчаны парадак рэгістрацыі, льготнае падаткаабкладанне (1 базавая велічыня ў месяц), льготнае крэдытаванне Белаграпрамбанка. Да таго ж, у гарадскіх жыхароў сёння трэнд да экалагічна чыстага адпачынку.


Юрый Сямёнаў, старшыня праўлення Віцебскай абласной асацыяцыі фермераў, кіраўнік КФХ "Крыніца" (Шумілінскі раён):

- На Віцебшчыне дзейнічае крыху больш за 400 фермераў. Напрамкі дзейнасці самыя разнастайныя - вытворчасць збожжавых, бульбы, садавіны, ягад, грыбоў, трусаводства, козаводства. Задача ва ўсіх сельгасвытворцаў, незалежна ад формы ўласнасці, - забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Фермеры займаюць значны ўдзельны вагу ў вытворчасці бульбы, агародніны, садавіны, ягад. Напрыклад, самым буйным вытворцам цыбулі на Віцебшчыне з'яўляецца КФГ "Вармас".

Наша гаспадарка "Раднік" уваходзіць у тройку вытворцаў элітнага насення траў на Віцебшчыне. У 2023 годзе ў нас была самая вялікая ў Беларусі ўраджайнасць насення траў - 19,7 ц/га. Добры ў нас паказчык і ў вытворчасці малака - 7 тыс. кг за год. Такога выніку не было за ўсю гісторыю Шумілінскага раёна.

Віцебскія весці