Дадзен старт абласному марафону «О, жанчына! Ты – свет!» Віцебскай абласной арганізацыі БСЖ
На базе СШ № 46 ім. І. Баграмяна дадзен старт абласному марафону «О, жанчына! Ты – свет!» Віцебскай абласной арганізацыі БСЖ, прысвечанага Году беларускай жанчыны.
Папярэднічала ўрачыстасці прэзентацыя праекта «Васільковы дыван любові».
Старшыня абласной арганізацыі БСЖ, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая:
– У рамках марафону вылучаюцца тры асноўныя модулі: «Жанчына – маці», «Жанчына – працаўніца» і «Жанчына – Радзіма», якія адлюстроўваюць ключавыя аспекты ролі жанчын у грамадстве.
Марафон стартуе ў Віцебску і стане асновай для мерапрыемстваў ва ўсіх раёнах вобласці.
Сёння ў рамках марафону падвядзем вынік гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года–2025».
Любы марафон прадугледжвае чараду розных мерапрыемстваў. У акцыі «Васільковы дыван любові» прымаюць удзел усе тыя жанчыны, якія, магчыма, па сваёй прафесіі не звязаны з мастацкім мастацтвам, але любяць творчасць, напаўняючы яе сваімі ідэямі. І таму мы прапануем ім прыняць удзел, стварыць, намаляваць свой васілёк, які дапоўніць вялікі васільковы дыван. Плануем, што яго прэзентацыя пройдзе ў Дзень народнага адзінства.
Член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, шматдзетная маці Аксана Зорына:
– У Год беларускай жанчыны важна падкрэсліць разнастайнасць жаночых талентаў. Сёння мы прадстаўляем праект «Васільковы дыван любові», які створаны з мэтай уцягнуць нашых сучасніц з усіх куткоў вобласці ў гэту акцыю. Кожная можа праявіць свае здольнасці – ці то вышыўка, ці то выцінанка або маляванка. Усе работы, якія прадставяць раённыя пярвічкі БСЖ, будуць злучаны ў адзіны дыван.
Цяпер мы праводзім майстар-клас па маляванцы, у якім удзельнічаюць нашы госці. Мы ствараем васільковы горад – частку агульнага палатна, дзе кожная з удзельніц можа пакінуць свой творчы след.
Рада, што існуюць такія праекты, бо яны аб'ядноўваюць нас. Мы займаемся агульнай справай, прыносячы радасць праз творчасць.