Два прадстаўнікі Віцебскай вобласці ўвайшлі ў склад Маладзёжнага савета пры ЦВК

Двое представителей Витебской области вошли в состав Молодежного совета при ЦИК

У Беларусі сфарміраваны новы Маладзёжны савет пры Цэнтральнай выбарчай камісіі, які складаецца з актыўных і мэтанакіраваных людзей. У яго складзе двое прадстаўнікоў Віцебшчыны — выкладчык-стажор кафедры крымінальнага права Кацярына Раемская і студэнт юрфака ВДУ імя П. Машэрава Антон Булыня.

У бліжэйшыя два гады яны будуць працаваць над павышэннем прававой культуры і электаральнай актыўнасці моладзі.

Для Кацярыны Раемскай гэта ўжо не першы досвед — яе праца ў савеце пачалася ў 2023 годзе, калі дарадчы і кансультатыўны орган толькі зараджаўся. Яна поўная энергіі і гатова дзяліцца сваімі ведамі з моладдзю Віцебшчыны, каб кожны усвядоміў важнасць удзелу ў выбарах і рэферэндумах.

– Асноўная задача Маладзёжнага савета – гэта прававая асвета падрастаючага пакалення. Мы будзем размаўляць з падлеткамі, студэнтамі, маладымі спецыялістамі, тлумачачы, для чаго патрэбны выбары і рэферэндумы. Дзяўчаты і хлопцы павінны ўсвядоміць: кожны голас важны, — пераканана Кацярына Раемская.

Асноўны закон Беларусі — гэта Канстытуцыя. Па словах Кацярыны, менавіта яна з'яўляецца галоўнай крыніцай інфармацыі аб нашым дзяржаўным устройстве.

– У Канстытуцыі ёсць глава, прысвечаная выбарчай сістэме і рэферэндуму, адкуль мы чэрпаем інфармацыю. Важным дадаткам да гэтага з'яўляюцца падручнікі і тэарэтычныя матэрыялы, – падзялілася член Маладзёжнага савета. – Акрамя таго, мы прынялі ўдзел у II Міжнародным электаральным форуме, на якім выступалі прадстаўнікі Цэнтральных выбарчых камісій краін СНД і дзяржаў, якія супрацоўнічаюць з Рэспублікай Беларусь. Інфармацыю, прадстаўленую на гэтым мерапрыемстве, таксама будзем выкарыстоўваць для навучання і інфармавання падрастаючага пакалення аб выбарах і дэмакратычных працэсах у нашай краіне.

Маладзёжны савет – пастаянна дзеючы дарадчы, кансультатыўны орган, які закліканы спрыяць павышэнню прававой культуры выбаршчыкаў.

Праца ў Маладзёжным савеце — гэта не толькі прэстыж, але і вялікая адказнасць.

– Мы ўдзельнічаем у фарміраванні дэмакратычных каштоўнасцей і імкнемся да таго, каб моладзь разумела, як функцыянуе выбарчая сістэма, – адзначыў Антон Булыня.

Члены савета плануюць правядзенне асветніцкіх мерапрыемстваў: лекцый, віктарын, сустрэч са школьнікамі, гімназістамі, ліцэістамі, студэнтамі і моладзевымі калектывамі. Тэматыка падобных мерапрыемстваў – выбары і грамадска-палітычнае жыццё краіны.

Акрамя таго, маладыя людзі будуць актыўна ўдзельнічаць у інфармацыйных кампаніях і праектах ЦВК, вылучаючы унікальныя прапановы па паляпшэнні ўзаемадзеяння з моладдзю ў выбарчай сферы. Гэтая ініцыятыва значна спрыяе залучэнню юнакоў і дзяўчат у дэмакратычныя працэсы.

– Наша мэтавая аўдыторыя – падлеткі ад 14 гадоў, бо яны праз чатыры гады ўпершыню прыйдуць на выбарчыя ўчасткі. Нам неабходна паказаць ім, што выбары — гэта не проста галачкі ў бюлетэнях, а усвядомленае рашэнне, — растлумачыў малады чалавек.

Прадстаўнікі Віцебшчыны ўпэўнены, што праца ў Маладзёжным савеце — гэта не толькі самарэалізацыя, але і шанец зрабіць важны ўклад у будучыню Беларусі.

– Гэта магчымасць прымяняць свае веды на практыцы, тлумачыць складаныя моманты, з якімі сутыкаецца моладзь, — рэзюмаваў Антон.

"Віцебскія весці"