Гандаль і паслугі

Інфармацыя аб правядзенні анлайн-галасавання

Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дзяржстандарт) у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2024 г. № 224 ˮАб парадку прысваення Дзяржаўнага знака якасці“ інфармуе, што ў цяперашні час праводзіцца работа па прысваенні прадукцыі Дзяржаўнага знака якасці.

З 1 чэрвеня 2026 г. ажыццяўляецца ацэнка прадукцыі па паказчыках якасці: бяспека, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць, эстэтычнасць. Ацэнку па першых чатырох з іх праводзяць адказныя органы: Дзяржстандарт, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, галіновыя органы дзяржаўнага кіравання.

Паказчык ˮэстэтычнасць“ ацэньваюць спажыўцы.

Доступ для анлайн-галасавання арганізаваны на партале ˮЯКАСЦЬ.БЕЛ“ у раздзеле ˮДзяржаўны знак якасці“ па спасылцы vote.gskp.by. Дадзеная магчымасць прадугледжана да 26 ліпеня 2026 г. (уключна).


  • Гандлёвая інфраструктура вобласці пастаянна развіваецца з улікам попыту пакупнікоў. Новыя гандлёвыя аб'екты з'явіліся ў рэгіёне і ў 2025 годзе.

    Напярэдадні навагодніх і калядных святаў у г. Віцебску адкрыты гандлёвы цэнтр ”ІНТЭРЫУМ“ ТАА ”ДЭПП хол“ (у адным саL былых вытворчых будынкаў па праспекце Фрунзе).

    На сённяшні дзень гэта найбуйнейшы гандлёвы цэнтр у рэгіёне. Плошча, адведзеная пад гандлёвыя аб'екты, складае 16 тыс.кв.м.

    Новы гандлёвы комплекс спецыялізуецца на рэалізацыі мэблі, тавараў для аздаблення і інтэр'еру. Пры гэтым яго адміністрацыя лічыць прыярытэтнай працу з таварамі айчыннай вытворчасці. Па ацэнцы кіраўніцтва гандлёвага цэнтра беларуская прадукцыя складае каля 90 працэнтаў у прапанаваным пакупнікам асартыменце. У мэтах стымулявання попыту на гэту прадукцыю створаны ўмовы для афармлення спажывецкага крэдыту ”На родныя тавары“ непасрэдна ў месцы пакупкі (на тэрыторыі гандлёвага цэнтра знаходзіцца рабочае месца прадстаўніка ААТ ”АСБ Беларусбанк“).

    Акрамя гандлёвых аб'ектаў у новым комплексе размешчаны кафэ, зона адпачынку. Плануецца адкрыццё рэстарана, фітнес-цэнтра, дзіцячага цэнтра.

    У 2025 годзе ў сферы гандлю былі рэалізаваны і іншыя праекты, не настолькі маштабныя, але значныя для пакупнікоў. У вобласці адкрываліся крамы рэспубліканскіх і рэгіянальных гандлёвых прадпрыемстваў – ААТ ”Веста“ (у раёне жылой забудовы па вул. Працы ў г. Віцебск), ”Дзіцячы“ ААТ ”Дом гандлю Наваполацка“ (г. Наваполацк па вул. Маладзёжнай), ”Маяк“ і ”Капеечка“ ЗАТ ”Доброном“ (у гарадах Докшыцы, Талачын, Міёры і Дзісна), ”Доброцен“ ТАА ”ПВ-Захад“ (у г.п. Шуміліна), фірменныя гандлёвыя аб'екты айчынных вытворцаў – ААТ ”Элема“ (г. Орша), ААТ ”Свiтанак“ (г. Верхнядзвінск), ”Поле кветак“ РУПТП ”Аршанскі льнокамбінат“ (г. Браслаў).

    Гандлёвая сетка развівалася не толькі на тэрыторыі гарадоў. За мінулы год у сельскіх населеных пунктах вобласці адкрыта 26 крамаў і павільёнаў. Для іх размяшчэння выкарыстаны як раней пуставаўшыя будынкі крамаў, так і іншыя плошчы (у новых модульных канструкцыях, у будынках былых устаноў адукацыі, культуры, мясцовага кіравання). Увод у дзеянне гэтых гандлёвых аб'ектаў дазволіў істотна палепшыць гандлёвае абслугоўванне сельскага насельніцтва.

    Па аператыўнай ацэнцы на 1 студзеня 2026 г. забяспечанасць насельніцтва гандлёвай плошчай у вобласці склалася на ўзроўні 823,6 кв. м на 1000 жыхароў. Гэта на 35% вышэй за нарматыўнае значэнне.