Газавая вентыляцыя, адлоў жывёл і махляры-забудоўшчыкі: Наталля Качанава даручыла разабрацца ў кожнай сітуацыі

Газовая вентиляция, отлов животных и мошенники-застройщики: Наталья Кочанова поручила разобраться в каждой ситуации

Газавая вентыляцыя, адлоў жывёл і махляры-забудоўшчыкі: Наталля Качанава даручыла разабрацца ў кожнай сітуацыі

18.05.2026

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава правяла асабісты прыём грамадзян у Наваполацку.

Са сваімі праблемамі да спікера прыехалі жыхары з розных рэгіёнаў краіны. Звароты тычыліся пытанняў жылля, дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, працаўладкавання і іншых.

Адной з першых на прыём прыйшла маладая навапалачанка, якая наракала на тое, што не можа ўстаць на чаргу на атрыманне арэнднага жылля: у гарвыканкаме адмаўляюць. На прыём да кіраўніка горада трапіць не ўдалося. Старшыня Савета Рэспублікі даручыла прадстаўнікам мясцовай улады і кіраўніцтву прадпрыемства, дзе працуюць муж і жонка, разабрацца з гэтым пытаннем і прапанаваць аптымальны варыянт рашэння.

— Трэба, каб людзі, якія хочуць прыйсці на прыём да прадстаўнікоў мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, мелі такую магчымасць. А наша задача ў межах закона падказаць чалавеку, як вырашыць яго праблему, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Са сваім горам прыйшла сям'я палачан, у якіх на працягу 12 гадоў адключаны газ у кватэры, прычына — непрыдатная вентыляцыя. Пытанне вырашыць пакуль не ўдаецца.

Наталля Качанава дала даручэнне накіраваць на разгляд пытанне ў Міністэрства ЖКГ, каб спецыялізаваныя службы правялі неабходныя даследаванні вентыляцыйнай сістэмы і далі кампетэнтнае заключэнне. І калі ёсць праблема, вырашыць яе.

— З гэтым пытаннем ужо даўно трэба было разабрацца і паставіць кропку, — падкрэсліла спікер.

Прыехала на прыём віцяблянка з прапановамі па ўнясенні змяненняў у дзеючае заканадаўства ў галіне абароны жывёл. Яна прывяла ў прыклад некалькі выпадкаў нядобрасумленнай працы службы па адлове жывёл і жорсткага абыходжання з сабакамі. Сама жанчына ўжо больш за 7 гадоў дапамагае бяздомным чацвераногім.

— Гэта недапушчальна, калі ў нас ходзяць бадзяжныя сабакі і людзі ад іх пакутуюць. Але і жорсткае абыходжанне з жывёламі недапушчальна, — пракаментавала зварот Наталля Качанава і паабяцала разгледзець прапановы з дэпутатамі.

Былі і калектыўныя звароты. Так, удзельнікі паявога будаўніцтва з Бабруйска скардзіліся на нядобрасумленнага забудоўшчыка, які так і не завяршыў абяцаную рэканструкцыю будынка казармы пад жылы дом.

Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Максім Гурын праінфармаваў, што ўжо ёсць алгарытм для завяршэння будаўніцтва дадзенага аб'екта. З падобнай праблемай звярнуліся і паявікі будаванага паркінга ў Мінску. Грошы ўкладзены, а забудоўшчык аказаўся махляром і адмаўляецца дабудоўваць аб'ект. Старшыня Савета Рэспублікі дала даручэнне кіраўніцтву Мінгарвыканкама дэталёва разабрацца ў сітуацыі і аднавіць справядлівасць.

Заяўніца з Магілёва прасіла дапамагчы вырашыць пытанне з выдзяленнем сацыяльнага жылля, на якое па законе яна мае права. Але цяпер жанчыну знялі з чаргі. Пытанне ўзята на кантроль і будзе дэталёва вывучана.

Звярталіся жыхары Полацка і Наваполацка па дапамогу ў працаўладкаванні. Спікер акцэнтавала ўвагу на тым, што, калі людзі хочуць працаваць, трэба ім дапамагчы знайсці сваё месца, яны не павінны быць дармаедамі.

Акрамя таго, да Наталлі Качанавай звярталіся з пытаннямі льготнага будаўніцтва жылля, выплаты матчынага капіталу, спагнання аліментаў, функцыянавання гаражна-будаўнічага кааператыва.

Геаграфія зваротаў чарговы раз пацвердзіла высокі ўзровень даверу да такога фармату працы з насельніцтвам.

Віцебскія весці