Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь падведзены вынікі творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў пракуратуры

Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь падведзены вынікі творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі дзейнасці органаў пракуратуры. Штогод у дадзеным конкурсе прымаюць удзел прадстаўнікі СМІ і пракурорскія работнікі пракуратур абласцей і гаррайпракуратур.

У намінацыі «За цыкл публікацый, відэапраграм, радыёвыступленняў, накіраваных на павышэнне ўзроўню прававой культуры насельніцтва» пераможцам стаў калектыў пракуратуры Віцебскай вобласці.

Акрамя таго лаўрэатам у намінацыі «За цыкл аналітычных матэрыялаў у друкаваных СМІ, тэлепраграм, радыёрэпартажаў аб дзейнасці органаў пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, барацьбе з карупцыяй» стаў калектыў пракуратуры Аршанскага раёна.

Апроч органаў пракуратуры Віцебшчыны Генеральнай пракуратурай адзначаны і прадстаўнікі СМІ паўночнага рэгіёну – вядучы карэспандэнт КІУП «Рэдакцыя віцебскіх гарадскіх газет «Віцьбічы» і «Вечерний Витебск» Святлана Шырокая, а таксама аўтарскі калектыў газеты «02.Газета витебской милиции».

Пераможцы і лаўрэаты творчага конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.