Галоўнае фінансавае ўпраўленне: збор за перасячэнне дзяржграніцы ў Віцебскай вобласці па выніках года прагназуецца ў памеры Br100 тыс.
На тэрыторыі Віцебскай вобласці мясцовы збор у памеры базавай велічыні (Br29) з аднаго транспартнага сродку ўведзены з 1 жніўня да 1 студзеня 2023 года і выплачваецца ў даход абласнога бюджэту. Па даных на пачатак кастрычніка, паступіла ўжо каля Br63 тыс., распавёў Генадзь Грэбнеў. Гэтыя сродкі накіроўваюцца на фінансаванне галіны аховы здароўя, у тым ліку для набыцця лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння.
Збор спаганяецца пры выездзе з краіны ў пунктах пропуску на мяжы з Латвіяй ("Грыгароўшчына", "Гаўрыліна", "Урбаны", "Плюсы") і Літвой ("Відзы", "Мальдэвічы", "Лынтупы"). Гэтыя пункты размешчаны ў Верхнядзвінскім, Браслаўскім і Пастаўскім раёнах.
Паводле абласной падатковай інспекцыі, усяго за студзень – верасень у бюджэт Віцебскай вобласці паступіла звыш Br1,7 млрд, у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт каля Br460 млн. У мясцовы бюджэт прыцягнута каля Br1,3 млрд, што прыкладна на 16% больш, чым за аналагічны перыяд 2020 года, пры гэтым аб'ём дадатковых паступленняў склаў каля Br170 млн.
Найбольш важнымі даходнымі крыніцамі бюджэту Віцебскай вобласці застаюцца падаходны падатак, які фарміруе больш за 28% даходнай часткі казны (аб'ём паступленняў за 9 месяцаў перавысіў Br484 млн), а таксама ПДВ – 26,8% (Br461,5 млн), акцызы – 15,1% (Br259,7 млн) і падатак на прыбытак – 6,8% (Br118 млн).