Галоўнае ўпраўленне па адукацыі: у Віцебскай вобласці за парты сядуць звыш 12 тысяч першакласнікаў

На працягу апошніх пяці-сямі гадоў колькасць школьнікаў у Віцебскай вобласці застаецца стабільнай, паведаміла першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч.

Фота з архіва СБ

– У 2016/2017 навучальным годзе ў вобласці налічвалася 12050 першакласнікаў. Па папярэдніх даных, 1 верасня гэтага года ў школы прыйдуць каля 12 200 малышоў, – адзначыла Алена Леанідаўна. – У бліжэйшыя пару гадоў ніякага дэмаграфічнага правала ў гэтым плане не чакаецца. Праўда, пэўныя ваганні ёсць – памяншаецца колькасць сельскіх школьнікаў і павялічваецца лік гарадскіх. У першую чаргу гэта звязана з масавым будаўніцтвам жылля для шматдзетных сем'яў. Таму памяншаецца і колькасць школ на вёсцы: у бягучым годзе дзверы адчыняць 314 устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, што на шэсць устаноў менш за мінулагодні.

Па словах Алены Багдановіч, памяншаецца і колькасць адзінаццацікласнікаў. Цяпер іх крыху больш за пяць тысяч. Зноў жа, трывожыцца не варта: паралельна расце лік дзяцей, якія дзякуючы актыўнай прафарыентацыйнай рабоце сыходзяць са школы пасля атрымання агульнай адукацыі і паступаюць у ССНУ.

"СБ"