Галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг: у Віцебскай вобласці мабільныя групы па кантролі за цэнаўтварэннем праверылі 5,2 тыс. гандлёвых аб'ектаў

За два тыдні мабільныя групы па кантролі за цэнаўтварэннем праверылі ў Віцебскай вобласці 5,2 тыс. гандлёвых аб'ектаў. Пра гэта паведаміла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама Ірына Ляўковіч.

Маштабныя праверкі і маніторынг спажывецкага рынку працягваюцца. У цэнтры ўвагі мабільных груп - буйныя гандлёвыя сеткі, крамы, якія рэалізуюць прадукты харчавання, нехарчовыя тавары. "У мэтах безумоўнага выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада ў Віцебскай вобласці арганізавана работа па правядзенні кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў на прадмет выяўлення парушэнняў цэнавага заканадаўства, - адзначыла Ірына Ляўковіч. - Па аператыўных даных на раніцу 20 кастрычніка, спецыялістамі гаррайвыканкамаў, структурных падраздзяленняў аблвыканкама праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў 5,2 тыс. аб'ектах. Аб фактах выяўленых парушэнняў інфармуюцца Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці і пракуратура Віцебскай вобласці".

Кантроль за цэнавай сітуацыяй ажыццяўляе камісія па разглядзе пытанняў аб узгадненні ўсталявання цэн на тавары і паслугі, якія да 6 кастрычніка не былі выраблены альбо не ўвозіліся, рэалізоўваліся або аказваліся ў Беларусі, а таксама павышэння цэн у мэтах эканамічнай мэтазгоднасці.

На адкрытыя ў выканкамах паўночнага рэгіёну гарачыя лініі з пачатку праверачных мерапрыемстваў паступіла 26 зваротаў. Фактаў завышэння цэн па іх не ўстаноўлена.

У КДК Віцебскай вобласці паведамілі, што ў рэгіёне працуе каля 40 мабільных груп, у якія ўваходзяць спецыялісты кантралюючых, праваахоўных і мясцовых органаў улады, а таксама прафсаюзаў. Па даных на 21 кастрычніка, па фактах неабгрунтаванага завышэння цэн у гандлёвых аб'ектах Віцебска, Наваполацка, Оршы і Полацкага раёна, Глыбокага ўзбуджана 6 крымінальных спраў. Усяго выяўлена звыш 50 фактаў парушэнняў заканадаўства.

БЕЛТА.