Голас пакалення пераможцаў: у Віцебску заклалі капсулу часу з пасланнем ветэранаў для нашчадкаў
08.07.2026
У рамках рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай акцыі «Лісты нашчадкам. 100-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца» у Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М. Ф. Шмырова прайшла ўрачыстая цырымонія закладкі на вечнае захоўванне капсулы часу. У ёй – лісты беларускіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адрасаваныя будучым пакаленням.
Адкрыць капсулу трэба будзе ў 2045 годзе, калі наш народ будзе адзначаць 100-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Зробяць гэта сённяшнія юнакі і дзяўчаты, а таксама маладыя людзі будучыні.
Ініцыятарам гэтай глыбока сімвалічнай акцыі выступіла Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
У цырымоніі закладкі капсулы прынялі ўдзел прадстаўнікі ваеннага ведамства нашай краіны і Віцебскага абласнога ваенкамата, грамадскіх аб'яднанняў, воіны-інтэрнацыяналісты і ветэраны Узброеных Сіл, былыя малалетнія вязні фашызму, супрацоўнікі музея, навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў і клубаў.
– Гэта запавет будучым пакаленням, – адзначыў старэйшы афіцэр упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Сяргей Шохаў. – У капсуле – не проста літары на паперы. Гэта вера нашых дарагіх ветэранаў у тое, што беларуская зямля, за якую абаронцы Радзімы пралівалі кроў, заўсёды будзе квітнець пад мірным небам.
Дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. Ф. Шмырова ўрачыста прыняла капсулу на вечнае захоўванне.
– Для супрацоўнікаў музея гэта вялікі гонар, – падкрэсліла Ірына Шышкова. – Мы гарантуем, што 9 мая 2045 года, у Дзень 100-годдзя Вялікай Перамогі, капсула будзе ўскрыта ва ўрачыстай абстаноўцы. І голас пакалення пераможцаў прагучыць для тых, хто будзе жыць на беларускай зямлі ў будучыні.
Капсула часу заняла сваё ганаровае месца сярод экспанатаў у мемарыяльнай зале, прысвечанай Мінаю Філіпавічу Шмырову.
Віцебск стаў першым беларускім горадам, у якім прайшла рэспубліканская акцыя «Лісты нашчадкам. 100-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца». У бліжэйшы час такія ж урачыстыя мерапрыемствы па закладцы капсулы часу пройдуць ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.