Ігар Сяргейка наведаў Пастаўскі раён: у цэнтры ўвагі – звароты грамадзян і ход нарыхтоўкі кармоў
17.06.2026
У цэнтры ўвагі Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважанага прадстаўніка Кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігара Сяргейкі падчас рабочай паездкі на Пастаўшчыну былі пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, работа аднаго з вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна ў перыяд нарыхтоўкі кармоў, а таксама асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.
Першым пунктам праграмы стаў асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Са сваімі пытаннямі да Ігара Сяргейкі звярнуліся 7 пастаўчан. Тэматыка зваротаў закранала пытанні жыллёвай сферы, пенсійнага забеспячэння, медыцынскага абслугоўвання, аплаты камунальных паслуг, а таксама развіцця спартыўнай інфраструктуры.
Кожны зварот быў дэталёва разгледжаны. Па шэрагу пытанняў дадзены даручэнні профільным службам і органам улады для дадатковага вывучэння і прыняцця неабходных рашэнняў.
Затым Ігар Сяргейка наведаў ААТ «Навасёлкі-Лучай», дзе азнаёміўся з ходам корманарыхтоўчай кампаніі і арганізацыяй сельскагаспадарчых вытворчых працэсаў.
Асаблівая ўвага была ўдзелена эфектыўнасці выкарыстання тэхнікі, выкананню тэхналагічнай дысцыпліны і правядзенню сезонных сельскагаспадарчых работ.
Падводзячы вынікі візіту, Ігар Сяргейка адзначыў, што ў цяперашні час для Віцебскай вобласці асабліва актуальныя пытанні нарыхтоўкі кармоў і догляду за пасевамі. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, сельгаспрадпрыемствы рэгіёну працуюць з апярэджаннем па тэмпах за кошт граматнай арганізацыі працы, дысцыпліны і мадэрнізацыі тэхнічнага парку, у тым ліку прымянення беспілотнай авіяцыі.
- У цэлым работы праходзяць вышэй за леташнія тэмпы прыкладна ў паўтара раза. Настрой людзей аптымістычны і працоўны. Па меры паляпшэння ўмоў надвор'я тэмпы правядзення палявых работ будуць павялічвацца, - падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Рабочыя паездкі такога фармату дазваляюць не толькі кантраляваць выкананне пастаўленых задач на месцах, але і аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян, прымаць рашэнні па актуальных пытаннях развіцця рэгіёнаў.
Асабісты прыём грамадзян і наведванне сельскагаспадарчых аб'ектаў раёна сталі важнай часткай рабочага візіту Ігара Сяргейкі, пацвердзіўшы нязменны прынцып дзяржаўнай палітыкі: увагу да людзей, падтрымку рэгіёнаў і пастаянны кантроль за вырашэннем пытанняў, якія хвалююць жыхароў краіны.