III абласны прафсаюзны медыяфорум «Жанчына ў сучасным медыя» прайшоў у Віцебску

III областной профсоюзный медиафорум «Женщина в современном медиа» прошел в Витебске

У Віцебскім дзяржуніверсітэце перад прадстаўнікамі ўсіх галіновых прафсаюзных напрамкаў выступілі журналісты і блогеры. У цэнтры ўвагі – абмеркаванне вядзення сацыяльных сетак ва ўмовах сучасных выклікаў і аспектаў медыясферы.

– Мы разлічваем на тое, што спецыялісты па інфармацыйнай рабоце, якія вядуць сацыяльныя сеткі, забяспечваюць напаўняльнасць сайтаў, падзеляцца вопытам работы ў інтэрнэце, – расказала старшыня Віцебскай абласной федэрацыі прафсаюзаў Алена Няфёдава.

Яна падкрэсліла, што ў кожным галіновым напрамку прафсаюзнай арганізацыі вядзенне сацыяльных сетак адыгрывае важную ролю для аператыўнага і карэктнага распаўсюджвання інфармацыі.

Аб дзейнасці Медыяцэнтра ВДУ імя П. Машэрава расказаў начальнік аддзела медыякамунікацый універсітэта Аляксандр Гергаеў. Спікер падрабязна спыніўся на тэме стварэння фота- і відэаматэрыялаў для сацыяльных сетак.

Рэдактар аддзела вытворчасці ТВ-праграм тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Сяргей Іскол гаварыў аб рабоце ў кадры і аб тым, як правільна наладзіць сябе на размову з суразмоўцам перад камерай.

Аб рабоце друкаваных сродкаў масавай інфармацыі расказала вядучы карэспандэнт рэдакцыі гарадскіх газет «Віцьбічы» і «Вечерний Витебск» Юлія Мельнік. Яна падзялілася сваімі гісторыямі напісання матэрыялаў і падкрэсліла, што галоўнае – звяртаць увагу на эмоцыі людзей, каб зачапіць апавяданнем аўдыторыю.

Тэму ўкаранення нейрасеткі ў вядзенне сацыяльных сетак прадставіў рэдактар інтэрнэт-рэсурсаў абласной газеты «Витебские Вести» Пётр Чымкоўскі.

–Карэспандэнты актыўна выкарыстоўваюць нейрасеткі ў сваёй працы, – сказаў рэдактар. – У нейрасетку можна загрузіць тэкставыя дакументы або выяву, на якой ёсць тэкст, можна загрузіць аўдыёфайл. Штучны інтэлект распазнае атрыманую інфармацыю, і гэта эканоміць час пры працы над матэрыялам.

"Віцебскія весці"