Камітэт "Віцебскаблмаёмасць": інвестар з Кітая набыў за базавую велічыню дзве школы ў Чашніцкім раёне

29 сакавіка камітэтам «Віцебскаблмаёмасць» прададзены будынак школы з сараем у Чашніцкім раёне, аг.Почаевічы, вул.Школьная,15. Будынак школы спрабавалі прадаць з 2017 года. Абвешчаны 29 сакавіка аўкцыён стаў ужо 11-м па ліку. У выніку школа з сараем 1965 года пабудовы, агульнай плошчай 448 м.кв., была прададзена за 60 руб. адзінаму пакупніку.

На будынак школы з агароднінасховішчам, размешчаны ў гэтым жа населеным пункце па вул. Школьная,2 знайшлося два пакупнікі. У ходзе таргоў цана будынка школы з агароднінасховішчам 1965 года пабудовы, плошчай 920 м.кв., павялічылася з 3-х базавых велічынь да 2783 руб.

Замежны інвестар, які набыў абедзве школы, плануе пасля рэканструкцыі арганізаваць вытворчасць прадуктаў харчавання, у тым ліку вытворчасць пельменяў па кітайскай тэхналогіі. Таксама на частцы плошчаў плануюць адкрыць сталовую, інтэрнат і адміністрацыйную частку.

Усе аб'екты, прададзеныя камітэтам на аўкцыёнах у бягучым годзе выстаўляліся на аўкцыён або са зніжэннем цаны на 80% (такіх 10 аб'ектаў), або за базавую велічыню (7 аб'ектаў).