Абласны штаб па барацьбе з распаўсюджваннем COVID-19: у Віцебскай вобласці для пацыентаў з пнеўманіямі і COVID-19 прадугледжана 1,4 тыс. ложкаў

У медустановах Віцебскай вобласці для пацыентаў з пнеўманіямі і COVID-19 прадугледжана 1,4 тыс. ложкаў. Пра гэта паведаміў сёння журналістам перад пасяджэннем абласнога штаба па процідзеянні распаўсюджванню COVID-19 начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя, у вобласці адзначаецца рост распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый на 2,7% у параўнанні з узроўнем мінулага года. Тэндэнцыя павелічэння захворвання на каранавірусную інфекцыю назіраецца з верасня. "Яна чаканая, мы плаўна ўваходзім у другую хвалю", - канстатаваў Міхаіл Вішневецкі. Ён падкрэсліў, што медустановы і медработнікі гатовыя да яе праходжання.

"На базе асноўных бальніц Віцебска і буйных гарадоў для пацыентаў з пнеўманіямі і COVID-19 разгорнута 1,4 тыс. ложкаў з улікам рэзерву, што складае 20% ад ложкавага фонду, які можа быць перапрафіляваны пад гэтыя мэты. Гэтага дастаткова, каб функцыянаваць у спакойным рэжыме. Пры неабходнасці будзем разгортваць іх больш", - сказаў кіраўнік ведамства.

Ён адзначыў, што асаблівасць другой хвалі ў паўночным рэгіёне заключаецца ў раўнамернай захворвальнасці. Каля 40% ад усіх хворых прыпадае на Віцебск, 30% - на Оршу, Полацк, Наваполацк, столькі ж - на раёны.

Цяпер сітуацыя цалкам пад кантролем. У дастатковай колькасці ў кожнай установе аховы здароўя ёсць запас лекавых сродкаў. Забяспечаны 1732 пункты кіслароднай падтрымкі, што ў два разы больш, чым пры першай хвалі, хоць і тады яны не былі цалкам задзейнічаны. Для выбудоўвання лагістыкі па шпіталізацыі цяжкіх пацыентаў з усіх раёнаў вобласці ў Віцебску створана дыягнастычнае аддзяленне. У штатным рэжыме працуюць шэсць лабараторый, дзе праводзяць ПЦР-даследаванні. У дзень выконваецца каля 1,2 тыс. даследаванняў. "Гэтага дастаткова, каб вынікі атрымаць дзень у дзень (часам да паўтары сутак). Пры неабходнасці павелічэння даследаванняў у нас ёсць дамоўленасць аб падключэнні да гэтай працы дадатковых лабараторый. Разам з гэтым для ўсталявання дыягназу ёсць экспрэс-тэсты, а таксама дакладныя крытэрыі, якія вызначаны Міністэрствам аховы здароўя па ўсталяванні дыягназу", - дадаў Міхаіл Вішневецкі.

На неабходнасці выканання мер сацыяльнага дыстанцыравання і самадысцыпліне завастрыў увагу падчас пасяджэння штаба старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. "Страх пры першай хвалі каранавіруснай інфекцыі дысцыплінаваў людзей. За летні перыяд ён сышоў, у многіх з'явілася нейкая безадказнасць у адносінах да свайго здароўя і навакольных. Мы бачым, як мала людзей карыстаюцца сёння сродкамі індывідуальнай абароны, антысептыкамі, маскамі. Варта разумець, што наперадзе восень і зіма, а не летні перыяд. Таму наколькі зацяжным будзе перыяд захворвання ў гэты раз, шмат у чым залежыць ад самадысцыпліны кожнага чалавека", - падкрэсліў кіраўнік вобласці.

БЕЛТА.