Пасяджэнне аблвыканкама: у 2022 годзе для ачысткі і паглыблення ракі Віцьба ў Віцебску плануюць набыць гідратэхнічную машыну

У Віцебску плануецца набыць у 2022 годзе гідратэхнічную машыну для ачысткі і паглыблення ракі Віцьба. Пры гэтым на найбліжэйшую перспектыву ставіцца задача пашырыць парк падобнай спецыялізаванай тэхнікі за кошт падключэння раёнаў да працы па паляпшэнні экалагічнага стану малых вадаёмаў Віцебшчыны, асабліва тых, якія размешчаны ў населеных пунктах.

На гэтыя праблемы звярнуў увагу кіраўнік вобласці Мікалай Шарстнёў. Віцебшчына ў параўнанні з іншымі абласцямі найбольш забяспечаная воднымі рэсурсамі. Аднак невялікія вадаёмы ў рэгіёнах зараслі, асабліва гэта непрыгожа выглядае ў населеных пунктах, канстатаваў старшыня аблвыканкама.

— Мы са старшынёй гарвыканкама Мікалаем Арловым дамовіліся, што Віцебск купіць такую машыну для ачысткі ракі ад забруджванняў і біямасы. Магчыма, яна будзе працаваць па ўсёй вобласці, але адной машынай мы не вырашым праблему. Неабходна падключыцца раёнам і, па магчымасці аб'яднаўшыся, набыць некалькі машын, — сказаў Мікалай Шарстнёў.

Па словах старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Галанава, у апошнія гады назіраецца тэндэнцыя пагаршэння экалагічнага стану Віцьбы, якая адчувае ўсе цяжкасці гарадскога вадаёма, куды сыходзяць дажджавыя сцёкі з вуліц, плошчаў і жылых масіваў. Акрамя таго, у гарачы і засушлівы перыяд вада ў рацэ моцна праграваецца, у тым ліку дзякуючы слабаму цячэнню. Гэта спрыяе яе паступоваму зарастанню, зніжэнню эстэтычнай і рэкрэацыйнай каштоўнасці водатока.

Усяго на тэрыторыі вобласці працякае 3 вялікія (Заходняя Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна), 2 сярэднія (Вілія, Друць) і 616 малых рэк.

"Віцебскія весці"