Кадравы дзень: прызначаны новы кіраўнік сельгаспрадпрыемства, яшчэ 10 дырэктарам узгоднена падаўжэнне кантракту

На Віцебшчыне працягваецца курс на выбудоўванне сістэмы эфектыўнага кіравання прадпрыемствамі. Для ўсіх кандыдатаў на новую пасаду і пры ўзгадненні падаўжэння кантрактаў кадравыя дні, якія праводзіць старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў, — не проста гутарка, а магчымасць удасканаліць сваю дзейнасць і працу калектыву.

На КСПУП «ДраздыАгра» Бешанковіцкага раёна новы дырэктар — Раман Кульгавы. Малады чалавек прайшоў «абкатку» на многіх участках аграрнага сектара. З пачатку сваёй працоўнай біяграфіі ён дэманструе мэтанакіраванасць, пра што сведчыць дынаміка ў кар'еры ў розных арганізацыях: ад памочніка камбайнера да намесніка дырэктара. Новага кіраўніка Мікалай Шэрстнёў заклікаў вытрымліваць усе тэхналагічныя крытэрыі, што ў выніку прывядзе да росту вытворча-эканамічных паказчыкаў. Папрацаваць давядзецца не пакладаючы рук. «Балючая кропка» — знос машынна-трактарнага парка, і, як следства, несвоечасовы сеў агракультур, уборка ўраджаю. Прадпрыемства ўпусціла аптымальныя агратэхнічныя тэрміны ў восеньскі час — па тэмпах севу азімых гаспадарка толькі нядаўна перасягнула экватар. У цэлым жа пад іх адведзена 700 га або парадку 35% ад структуры ворнага поля. Не выключаны сур'ёзныя рызыкі, бо, улічваючы надвор'е, трэба, каб збожжа паспела адаптавацца.

Адстала ад графіка-задання і КУСХП «Кашчынскае» Чашніцкага раёна, якім кіруе Сяргей Садоўскі, якога, як і наступных кіраўнікоў арганізацый, запрасілі для ўзгаднення падаўжэння кантракту. Кіраўнік вобласці нацэліў Сяргея Сяргеевіча і яго калег на неабходнасць максімальна прытрымлівацца выпрацаванай вобласцю структуры пасяўных плошчаў. Не сакрэт, што менавіта ад гэтага ў канчатковым выніку будзе залежаць важкасць ураджаю.

Выпрацаваць стратэгію развіцця па лініі жывёлагадоўлі даручыў Мікалай Шэрстнёў дырэктару філіяла «Сарочына» ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў» Алегу Лёлю. Кіраўнік не хавае: гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні і адкорме свіней, працуе са стратамі. Адну з праблем трэба шукаць у невыкананні тэхналогій. Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што выкананне ўсіх неабходных крытэрыяў вырошчвання пагалоўя, у тым ліку правільнае выкарыстанне кармавой базы, з'яўляецца залогам эфектыўнай дзейнасці. Гэта адбіваецца і на сабекошце свінаводчай прадукцыі. У гутарцы з кіраўніком вобласці чырвонай ніткай прайшла тэма папярэджання рызыкі магчымага заражэння афрыканскай чумой свіней. Сапраўды, ёсць чаго асцерагацца: на тэрыторыі суседніх дзяржаў перыядычна ўзнікаюць ўспышкі гэтай эпідэміі. Алег Лёля разумее, што строгае выкананне ахоўных мерапрыемстваў і меры бяспекі — аснова стабільнай працы філіяла.

Праз прызму эканамічнай аддачы старшыня аблвыканкама станоўча ацаніў інавацыі ААТ «Завод керамзітавага жвіру г. Навалукомль». Яго дырэктар Міхаіл Лазарашвілі падзяліўся амбіцыйнымі планамі па развіцці арганізацыі. Яна замахваецца на будаўніцтва з дапамогай тэхналогіі 3D друку, за кошт чаго можна дамагчыся добрых вынікаў. У частцы зніжэння выдаткаў пры транспарціроўцы прадукцыі завод мае намер развіць водную лагістыку. Пакуль жа тавары пастаўляюцца наземным транспартам. Асноўныя рынкі збыту ляжаць у радыусе тысячы кіламетраў. У межах канкурэнтаздольнай бачнасці знаходзяцца стратэгічныя пакупнікі — Масква, Санкт-Пецярбург. Кіраўнік плануе прасоўваць прадукцыю ў скандынаўскія і прыбалтыйскія краіны.

Сваё бачанне па ўдасканаленні прадпрыемства мае дырэктар ААТ «Аршасырзавод» Андрэй Барысенка. Ёсць ідэі па пашырэнні лінейкі прадукцыі. У прыватнасці, прапрацоўваецца праект па імітацыі сыроў для наступнай пастаўкі на знешні рынак. За кошт зніжэння выдаткаў, скарачэння выпуску не запатрабаваных відаў тавару завод у гэтым годзе выйшаў на бясстратную працу.

Паскорыць тэмпы будаўніцтва цэха па вытворчасці сухой сыроваткі і сухіх малочных прадуктаў Мікалай Шарснёў даручыў генеральнаму дырэктару ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» Валерыю Дулінскаму. Паводле яго слоў, новы цэх павялічыць рэнтабельнасць, выручку ад рэалізацыі, у тым ліку экспартную, дададзены кошт на аднаго работніка, занятага на створанай вытворчасці. Гэты інвестпраект дазволіць арганізаваць камбінату завершаны цыкл вытворчасці па глыбокай перапрацоўцы малака.

У спісе ўзгадненняў падаўжэння кантракту — дырэктар ААТ «Віцебскі аблаграсэрвіс» Віктар Заікін. Яму трэба будзе вывесці падведамныя арганізацыі на новую траекторыю — стварыць адзіную сістэму кіравання сэрвіснымі прадпрыемствамі. Плюсаў шмат: акумулююцца рэсурсы, пашырацца віды аказваемых паслуг, не выключана і стварэнне новых працоўных месцаў.

Цяжкі партфель задач атрымалі дырэктары УП ЖКГ Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў Ілья Глушонак і Андрэй Шымковіч: перагледзець вытворчыя планы, размяркоўваючы сродкі з максімальнай выгадай, знізіць затраты, вызначыць прыярытэтныя даходныя напрамкі.

Усе кіраўнікі разумеюць: працаваць па-старынцы недаравальна. Галоўны індыкатар дзейнасці дырэктарскага корпуса павінен заключацца ў эфектыўнасці кіраўніцкага менеджменту, перакананы Мікалай Шарснёў. Менавіта для гэтага і трэба выбудоўваць новыя вытворчыя адносіны.

Вольга БУЛАЎКА,
галоўны спецыяліст
галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі
Віцебскага аблвыканкама.