Кадравы дзень. Мікалай Шарснёў узгадніў прызначэнне першага намесніка старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама, кіраўнікоў Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў, ААТ ”Студзёнка“

Як працаваў, так і пажыў – гэтая народная мудрасць не губляе сваёй актуальнасці і сёння. Да месца яе нагадаць і ў кантэксце кадравага дня старшыні аблвыканкама, калі Мікалай Шарстнёў у гутарцы з кожным кіраўніком ставіць пытанне аб выніковасці яго дзейнасці. Бо ад эфектыўнасці асобнага прадпрыемства залежаць паказчыкі развіцця рэгіёна, а значыць, і тое, наколькі лепш мы будзем жыць.

На прадпрыемстве ”Ужыца-Агра“ Верхнядзвінскага раёна справы ідуць угару. За пяць гадоў, як кіраваў гаспадаркай Аляксей Гарбуль, асноўныя вытворчыя паказчыкі значна выраслі. Цяпер маладому кіраўніку прапанавана прымяніць свае веды і вопыт на новай пасадзе – першага намесніка старшыні – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Верхнядзвінскага райвыканкама. Кандыдатуру свайго першага намесніка прапанаваў старшыня райвыканкама Васіль Шылаў, ацаніўшы яго дзелавыя якасці.

– Ваша спецыяльнасць па адукацыі – ветэрынарная медыцына – вельмі спатрэбіцца ў працы, – лічыць Мікалай Шарстнёў. – Тое, што вы рабілі ў адной гаспадарцы, цяпер неабходна праецыраваць на раён. Напрыклад, сярэдні надой на карову ў вашай гаспадарцы вышэй, чым па раёне, значыць, трэба імкнуцца да росту, падцягваць адстаючых. Малочная вытворчасць – гэта ваш рэзерв.

Андрэй

Прокапенка узгоджаны на пасаду дырэктара Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў. Да прызначэння кіраваў Віцебскім філіялам абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам ”Віцебскаблтоп“. Камбінат хлебапрадуктаў уваходзіць у структуру ААТ ”Віцебскі мясакамбінат“. Таму старшыню аблвыканкама ў першую чаргу цікавіць меркаванне Віктара Пазняка (дырэктар ААТ ”Віцебскі мясакамбінат“), чаму камбінат хлебапрадуктаў працуе сабе ў страту. Праблема у тым, што сельгасарганізацыі назапасілі даўгі перад пастаўшчыком камбікармоў і не спяшаюцца з ім разлічвацца. Каб камбінат хлебапрадуктаў нарошчваў аб'ёмы вытворчасці для выхаду на безубытковую працу, яго неабходна забяспечыць сваім зернем, выгадаваным арганізацыямі, якія ўваходзяць у структуру сыравіннай зоны мясакамбіната. Гэта значна збярэ затраты. То бок пачынаць трэба з палёў. Чым прадуктыўней спрацуе раслінаводства, тым лепш пойдуць справы на камбінаце хлебапрадуктаў. Перад новым дырэктарам пастаўлена задача і па навядзенні парадку на тэрыторыі прадпрыемства. Яно суседнічае з пуцеправодам «Полацкі», увод першай чаргі якога чакаецца ўжо ў гэтым годзе. Таму неабходна надаць усім аб'ектам прэзентабельны выгляд для сустрэчы гасцей і ўдзельнікаў фестывалю працаўнікоў вёскі ”Дажынкі-2019“ у Віцебску.

Прызначэнні на кіраўнічую пасаду закранулі і ААТ ”Студзёнка“ Сенненскага раёна. Дзмітрый Людчык да лютага месяц быў намеснікам дырэктара ў гэтай жа гаспадарцы. А перш – больш за два гады кіраваў іншым сельгаспрадпрыемствам у гэтым жа раёне. ”Студзёнка“ вынікамі не радуе. Кіраўнік вобласці патрабуе ад кіраўніка вызначыцца з прыярытэтамі, у жывёлагадоўлі арганізаваць працу з захаваннем усіх тэхналогій, завяршыць будаўніцтва памяшканняў для жывёлы.

Разгледжаны кандыдатуры для падаўжэння кантрактаў дырэктарам ААТ ”Мікалаеўскі“ Аляксею Лаўрыновічу (Міёрскі раён), ААТ ”Прыазёрны мір“ Юрыю Савіцкаму, КУСГП ”Мішневічы“ Міхаілу Цікавенку (Шумілінскі раён), ААТ ”Маяк Высокае“ Алегу Макарэвічу (Аршанскі раён). У кожнай гаспадарцы ёсць рэзервы для росту. Кіраўнік павінен быць нацэлены на вынік, бачыць перспектыву. У ”Мікалаеўскім“ дабудоўваюць даільную залу, значыць, вытворчасць малака павінна выйсці на новы ўзровень. Не менш важна палепшыць паказчыкі па узнаўленні маладняку, палепшыць сярэднесутачныя прывагі. Захаванне тэхналагічнай дысцыпліны патрабуе ўпартай і добрасумленнай працы ад жывёлаводаў.

– Мы чакаем ад вас паслядоўнай працы, – кажа Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, звяртаючыся да дырэктараў. – Пералом у эканоміцы прадпрыемства сам па сабе не наступіць.

Прыкладам для адстаючых можна назваць ААТ ”Маяк Высокае“. Нягледзячы на тое, што меліярацыя на гэтых землях была праведзена вельмі даўно, гаспадарка назапасіла нядрэнны вопыт працы ў раслінаводстве. Тут высокая шчыльнасць жывёлы на адзінку сельгасугоддзяў, а ўсяго колькасць буйной рагатай жывёлы – 9,5 тысячы галоў. Старшыня аблвыканкама даручыў Алегу Макарэвічу палепшыць вынікі па вырошчванні і нарыхтоўцы кармоў, а кіраўніцтву раёна дапамагчы з закупкай для гэтага неабходнай тэхнікі.

Падчас падаўжэння

кантракту дырэктару УП ЖКГ Ушацкага раёна Станіславу Завадскаму Мікалай Шарснёў паставіў задачы па навядзенні парадку на агульнагарадскіх тэрыторыях, з цякучым і капітальным рамонтам жылога фонду.

Святлана ДЗЕДЗІНКІНА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.