Кадравы дзень: новыя дырэктары ААТ «Віцебскаблаўтатранс», УП ЖКГ Шумілінскага раёна, Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі

Сяргей Старавойтаў прызначаны генеральным дырэктарам ААТ «Віцебскаблаўтатранс». Да прызначэння ён амаль два гады адпрацаваў намеснікам генеральнага дырэктара ААТ «Нафтан». Аўтамабільную гаспадарку вывучаў са студэнцкай лавы (скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут), мае яшчэ дзве вышэйшыя адукацыі.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў паставіў перад новым кіраўніком вялікай транспартнай структуры сур'ёзныя задачы, зыходзячы з рэалій сённяшняга дня. Страты «Віцебскаблаўтатранса» з году ў год растуць, грузаперавозкі, якія здольныя прыносіць прыбытак, падаюць, іх удзельная вага ў сукупнасці паслуг скарацілася да 35 працэнтаў. Гэта недапушчальна.

— Вас выцясняюць прыватнікі, — сказаў Мікалай Шарснёў. — У рынкавых умовах выжывае той, хто мацнейшы. З наступнага года датацый з абласнога бюджэту транспартнікі не атрымаюць. Вучыцеся зарабляць грошы і марнаваць столькі, колькі зарабляеце. Аптымізуйце выдаткі. А для гэтага мэтазгодна стварыць адзіную транспартную сістэму, вылучыць прыярытэтныя даходныя напрамкі.

Сяргею Старавойтаву вызначаны месячны тэрмін для таго, каб выканаць усе неабходныя разлікі па вывадзе прадпрыемства на бясстратную працу.

Дырэктарам УП ЖКГ Шумілінскага раёна прызначаны галоўны інжынер гэтага прадпрыемства Аляксей Догель. У свой час Шумілінскае ЖКГ было лідарам у галіне па пераходзе на мясцовыя віды паліва.

— Які вынік? — пацікавіўся кіраўнік вобласці.

Аказалася, выдаткі на атрыманне шчэпы прывялі да росту сабекошту паліва. Як іх знізіць і выйсці на акупнасць камунальных паслуг — вырашаць новаму дырэктару. Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што кожны кіраўнік павінен глядзець у корань праблемы, каб сыходзіць ад неабгрунтаваных выдаткаў, забяспечваючы эфектыўную вытворчасць.

Новы кіраўнік і ў Віцебскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі — Сяргей Шыбека. У перспектыве гэтая ўстанова плануе ўзмацніць падрыхтоўку спецыялістаў па камунікацыйных IT-тэхналогіях, у тым ліку і для паштовай сувязі.

Генеральным дырэктарам Віцебскага племпрадпрыемства прызначаны вядучы заатэхнік аналагічнага прадпрыемства з Брэста, дзе падобная праца наладжана больш паспяхова, — Юрый Зыковіч. Старшыня аблвыканкама даручыў маладому кіраўніку грунтоўна вывучыць сітуацыю з племянной справай на Віцебшчыне, дзе склаліся асаблівыя ўмовы. Пры гэтым неабходна прымаць рашэнні, раячыся з вопытнымі спецыялістамі-практыкамі.

Перагледзець падыходы ў арганізацыі сельгасвытворчасці даручана дырэктару КУСГП імя Дзімітрава Гарадоцкага раёна Людміле Усеваладавай.

— Трэба дзейнічаць на апярэджанне, — лічыць Мікалай Мікалаевіч. — Працаваць, як раней, нельга. У Гарадоцкім раёне цяжкія глебы, палі ў гаспадарцы раскіданы, людзей для працы на ферме не хапае, даіць кароў няма каму. Патрэбен зусім новы падыход. Напрыклад, магчымы варыянт — замацаваць кароў за адказнымі жыхарамі, а гаспадарцы — развіваць эфектыўную расліна­водства.

Стабільна працуе філіял «Паўдзеткі» ААТ «Малако» г. Віцебска. Яго дырэктар Анатоль Лісоўскі нарошчвае аб'ёмы вытворчасці. Гаспадарка развіваецца — павялічылі плошчы сель­гасугоддзяў, іх важна пісьменна структураваць. Працягнуць павялічваць і пагалоўе кароў.

— Працэсам трэба кіраваць, трымаць яго пад кантролем, каб усе патрабаванні былі рэалізаваны на справе, — кажа Мікалай Шарснёў, звяртаючыся ўжо да генеральнага дырэктара Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты» Віктара Славецкага.

Шмат што паспеў зрабіць за год кіраўніцтва і дырэктар Аршанскага мясакансервавага камбіната Мікалай Шабуня. Па сутнасці — падняў прадпрыемства з каленяў. Ідзе праца над пашырэннем асартыменту выпускаемай прадукцыі і пераарыентацыяй рынкаў збыту, асвойваюць новыя віды вытворчасці з мэтай атрымання эканамічнай выгады. Губернатар патрабуе звярнуць увагу ў першую чаргу на дазагрузку магутнасцей камбіната, выпуск дзіцячых мясных кансерваў. Пакуль цэх дзіцячага харчавання загружаны ўсяго на 28 працэнтаў, а бо гэта — лакаматыў прадпрыемства! Неабходна працаваць над скарачэннем выдаткаў, аптымізаваць колькасць персаналу, усе сілы кінуць на павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці і продажаў.

Падоўжаны кантракт з генеральным дырэктарам ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Ганнай Норкус, якая расказала, што прадпрыемства сёння ўваходзіць у тройку лідараў па атрыманні чыстага прыбытку ў сваёй галіне ў рэспубліцы, яму ўдаецца трымаць планку лепшага па прывесах, захаванасці куранят, вытворчасці кармоў. У кіраўніка — свая стратэгія развіцця: тут рыхтуюцца стварыць сумесную беларуска-кітайскую прапрыемства (на тэрыторыі Кітая) па выпуску далікатэснай прадукцыі, ёсць дакладнае разуменне, што ў рынкавых умовах вырабіць прасцей, чым прадаць.

Мікалай Шарснёў звярнуўся да тэмы арганізацыі працы на вёсцы. Бо вытворчасць бройлераў пачынаецца з вырошчвання збожжа на палях. Да таго ж на базе фабрыкі ствараецца аграхолдынг, пастаўлена задача — забяспечыць яго тэхнікай для эфектыўнай працы на зямлі.

— Вам неабходна вырабляць 60—80 тысяч тон уласнага збожжа па мінімальным кошце, — кажа губернатар, — бо ў структуры сабекошту птушкі кормы складаюць да 70 працэнтаў. Для гэтага — павялічыць плошчу ворных зямель да 30 тысяч гектараў, звярнуць увагу на прадуктыўнасць раллі. Яшчэ адзін важны аспект — усю сельгасвытворчасць вы замкнулі на сабе. Трэба ствараць філіялы, адкрываючы разліковыя рахункі для аператыўнага вырашэння вытворчых пытанняў.

Падводзячы вынікі кадравага дня, Мікалай Мікалаевіч адзначыў: кожны кіраўнік на сумоўі атрымлівае канкрэтныя даручэнні, якія ў канчатковым выніку разлічаны на павышэнне запасу трываласці для эканомікі прадпрыемства.

Святлана ДЗЕДЗІНКІНА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.