Кадравы дзень: новы дырэктар агракаледжа ВГАВМ, дырэктар ААТ «Белянева», намеснік дырэктара СЭЗ «Віцебск»

На кадравым дні старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў выслухаў кожнага кіраўніка пра сітуацыю на папярэднім і цяперашнім месцы працы, бачанне перспектыў для далейшага развіцця — такі своеасаблівы экзамен на прафпрыдатнасць.

Першым яго здаў загадчык сектара інвестыцый і знешнеэканамічных сувязей адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск» Артур Дзяткоў, стаўшы намеснікам дырэктара. Малады чалавек валодае тым наборам ведаў, які неабходны ў працы, у тым ліку з замежнымі рэзідэнтамі. За яго плячамі — дзве адукацыі па спецыяльнасцях «Нямецкая і англійская мовы», «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве прамысловасці». Адказваючы на пытанне старшыні аблвыканкама, Артур Мікалаевіч акрэсліў вектар прыкладання намаганняў па развіцці СЭЗ «Віцебск»: неабходна выходзіць на новыя рынкі, шырэй прыцягваць інвестараў.

Прадстаўляецца праявіць свае лепшыя прафесійныя якасці новаму дырэктару аграрнага каледжа ВДАВМ Канстанціну Маісееву. У яго працоўнай кніжцы — праца заатэхнікам-селекцыянерам у сельгаспрадпрыемствах, асістэнтам кафедраў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Гэты вопыт спатрэбіцца на новай пасадзе, бо перад Канстанцінам Аляксандравічам стаяць няпростыя задачы. У навучальнай установе даўно назрэла неабходнасць рэформы. Раней конкурсы ў ССНУ былі па некалькі чалавек на месца, сёння ж часам з цяжкасцю каледж закрывае кантрольныя лічбы. І справа зусім не ў падзенні запатрабаванасці сельскагаспадарчых прафесій — попыт ёсць. Прыйшоўшы ў гаспадарку па размеркаванні, многіх выпускнікоў палохае слабая інфраструктура ў вёсцы, невялікі заробак. Другая праблема — часам недастатковы ўзровень уменняў і навыкаў выпускнікоў. І такую сітуацыю трэба пераламіць.

— Неабходна выбудаваць новую палітыку, стратэгію навучання ў каледжы. Стаўку трэба рабіць на выхаванне вытворчага работніка. У той жа час у адукацыйным працэсе трэба звязаць разам практыку з тэарэтычнай часткай з улікам існуючых рэалій. Практыку трэба праходзіць толькі ў лепшых

гаспадарках, туды ж і размяркоўваць. Нельга ламаць лёс маладога спецыяліста, адпраўляючы яго на працу у сельгаспрадпрыемства на мяжы банкруцтва, — адзначыў Мікалай Шарснёў, падкрэсліўшы, што ад вучэбнай установы шмат у чым залежыць тое, наколькі раскрыецца патэнцыял маладых людзей, на каго будзе абапірацца дзяржава заўтра.

Няпростую эканамічную і фінансавую сітуацыю у ААТ «Белянева» Сенненскага раёна трэба будзе падцягнуць новаму дырэктару Віктару Казіміраву, для якога гэта прыступка ўверх па кар'ернай лесвіцы з пазіцыі галоўнага інжынера прадпрыемства. Вострым тут застаецца пытанне спраўнасці сельгастэхнікі — некаторыя энергонасычаныя трактары патрабуюць вельмі затратнага рамонту рухавікоў, вузлоў, што тармазіць найважнейшыя аграэтапы. Старшыня Сенненскага райвыканкама Васіль Чараднік не хавае: ёсць пралікі і недахопы. Гаспадарка з-за таго, што мае нізкія сярэднясутачныя прывагі, надоі малака, не можа забяспечыць своечасовую выплату зарплаты работнікам, няма сродкаў і для набыцця запчастак, дэталей для агрэгатаў.

Што ў жывёлагадоўлі, што ў раслінаводстве поспех прыходзіць толькі да тых, хто працуе, строга выконваючы ўвесь тэхналагічны працэс, лічыць кіраўнік вобласці. Трэба не выхопліваць нейкую частку ад цэлага, а строга выконваць усе элементы – толькі ў такім выпадку можна атрымаць гарантаваны вынік. Таму кадры, пісьменнае кіраванне эканомікай прадпрыемства дазволяць дамагчыся намечанага.

— Сёння спецыяліст па эканоміцы — гэта важная фігура ў гаспадарцы. Ён павінен прадбачыць і пралічыць сітуацыю заўтрашняга дня, і з улікам гэтага быць у пэўнай ступені каардынатарам дзейнасці і жывёлавода, і раслінавода. А на справе атрымліваецца так: разлікі зроблены і складзены ў папку. Трэба перакроіць гэты падыход, — сказаў Мікалай Шарснёў.

Падпісваючы прызначэнне, старшыня аблвыканкама запатрабаваў ад новага дырэктара павысіць працоўную дысцыпліну, засяродзіцца на выкананні стратэгічных задач.  

У абойме прадстаўленых для ўзгаднення працягу кантрактаў — шэсць дырэктараў прадпрыемстваў. Кіраўнік вобласці

пацікавіўся ходам спраў на ААТ «Даламіт», якое зараз перажывае нелегкія часы. Яго кіраўнік Іван Бабак адзначыў, што з-за падтаплення кар'ераў па здабычы карысных выкапняў прадпрыемства нясе страты. Прычына — у высокім узроўні вады ў Заходняй Дзвіне ў раёне будаўніцтва ГЭС. Для адпампоўкі вады задзейнічаны 5 помпаў, замест трох. А гэта дадатковыя выдаткі на аплату электраэнергіі. Усё гэта адбіваецца і на сабекошце прадукцыі. Трэба зрушыць з месца яшчэ адно пытанне: уключэнне ў інвестыцыйны праект будаўніцтва лініі па вытворчасці тонкадысперсных парашкоў. Такі крок дазволіць зрабіць тавар больш танным, канкурэнтаздольным на знешнім рынку. У бліжэйшы час прадпрыемства зменіць рэспубліканскую форму уласнасці на камунальную, што прывядзе да больш рацыянальнага акумулявання сродкаў, матэрыяльных і іншых рэсурсаў.

Такі пераўтварэнне чакае і ААТ «Віцебскхлебпрам». Яго філіял Аршанскі хлебазавод купляе муку па цане, якая ў разы вышэй, а для таго, каб развезці хлеб па крамах, звяртаецца да паслуг старонніх арганізацый. На ўсіх гэтых этапах ідзе падаражанне, якое адбіваецца на цане прадукцыі. Мікалай Шарснёў звярнуў увагу дырэктара Дзмітрыя Венгера на тое, што стратэгія развіцця Віцебскай вобласці ў тым, каб ствараць інтэграцыйныя структуры, дзе будзе знаходзіцца ўвесь тэхналагічны працэс ад пачатку стварэння тавару да яго рэалізацыі. Пасля новаўвядзення аграхолдынгі змогуць вырошчваць збожжа самі, перапрацоўваць яго і вырабляць гатовую прадукцыю што, у сваю чаргу, дазволіць значна знізіць яе сабекошт.

Агульны ж наказ як кіраўніцтва да дзеяння адрасаваны ўсім: разумны і гаспадарчы падыход ва ўсім, але без небяспечных і неабдуманых эксперыментаў. Для кожнага з іх гэта не толькі новы віток у кар'еры, але і вялікі крэдыт даверу ад старшыні аблвыканкама. 

Вольга БУЛАВА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.