Кадравы дзень: узгоднены прызначэнні новых намеснікаў старшыні аблсельгаспрода, Лепельскага райвыканкама, кіраўнікоў Полацк-Шкловалакно, Верхнядзвінскага масласырзавода, Аршанскага МКК

Кандыдатуры кіраўнікоў у аграрным сектары, прамысловасці, а таксама сферах ЖКГ і будаўніцтва ўзгадніў у рамках кадравага дня першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.

Механізацыя, энергетыка, ахова працы — трохгранная задача для Юрыя Почко – цяпер намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, які раней узначальваў аднайменны аддзел гэтага структурнага падраздзялення. Асаблівы ўпор — на дасягненне «нулявога траўматызму». На жаль, у няшчасных выпадках на вытворчасці часцей за ўсё вінаватыя самі работнікі. Але заўсёды ці могуць за такой фармулёўкай схавацца кіраўнікі і адказныя за тэхніку бяспекі? Зарплата, рэнтабельнасць — не падстава або апраўданне для ігнаравання правілаў аховы працы. Так, трэба працаваць эфектыўна, але пры гэтым бяспечна. Многія трагедыі можна прадухіліць. Вось чаму на першы план Алег Мацкевіч у ліку прыярытэтных кейс-заданняў для менеджара выводзіць прафілактыку траўматызму, прычым па ўсёй кіраўніцкай вертыкалі.

На рытмічную працу па зніжэнні выдаткаў арганізацыямі ЖКГ і будаўніцтва, павелічэнні экспарту паслуг, удзеле ў тэндарах нацэлены новы намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Яўген Яско, які да прызначэння кіраваў праектна-архітэктурным бюро ў райцэнтры. Кіраўнік разумee: калі выконваць усе работы са знакам якасці, галіновыя прадпрыемствы выйдуць на ўзлётную паласу, стаўшы больш запатрабаванымі і канкурэнтаздольнымі.

На пасаду дырэктара ААТ «Полацк-Шкловалакно» узгоднены Алег Курылін, для якога гэта прыступка ўверх з пазіцыі намесніка кіраўніка па камерцыйных пытаннях. У верасні прадпрыемства зарэгістравана ў якасці рэзідэнта СЭЗ «Віцебск», што дало «зялёнае святло» для выкарыстання шэрагу льгот і прэферэнцый. Маеш вытворчасць у СЭЗ — значыць, вызвалены ад падаткаў на нерухомасць, зямлю і многае іншае. Але павінна быць і аддача. Алег Мацкевіч нагадвае абавязковую ўмову, агучаную Кіраўніком дзяржавы на нарадзе па пытаннях павышэння эфектыўнасці СЭЗ: да канца года прыступіць да рэалізацыі праекта. Менеджэр падзяліўся

амбіцыйнымі планамі па развіцці арганізацыі ў новым статусе. «Полацк-Шкловалакно» як адзіны ў Беларусі і адзін з вядучых у Еўропе вытворцаў шкловалакна і матэрыялаў на яго аснове мае намер мадэрнізаваць вытворчасць высокатэрмаўстойлівай прадукцыі. І яшчэ адзін сур'ёзны штрых з прыстаўкай «плануецца» — будаўніцтва цэха па выпуску тэрмахімаапрацаваных электраізаляцыйных матэрыялаў для фальгіраваных дыэлектрыкаў.

Экс-галоўны бухгалтаp ААТ «Верхнядзвінскі мясoмолзавод» Святлана Чывірава ўзгоднена на пасаду дырэктара. Яе папярэднік Пётр Лаўрынаў, а цяпер генеральны дырэктар віцебскага канцэрна «Мясo-малочныя прадукты», аналізуючы дзейнасць завода, адзначыў станоўчую дынаміку яго развіцця. У прыватнасці, вытворчасць загружана на 100 %, працуе эканамічна эфектыўна, пісьменна размяркоўваючы патокі рэалізацыі прадукцыі. Дарэчы, верхнядзвінская прадукцыя запатрабавана ў суседзяў па Еўразійскім эканамічным саюзе, на далёкіх кантынентах. Адказваючы на пытанне намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыса Ефрэмава аб перспектывах развіцця вытворчасці, Святлана Чывірава анансавала выпуск новай лінейкі сыроў са павялічаным тэрмінам прыдатнасці да двух гадоў. Захоўваючы сваіх даўніх і надзейных пакупнікоў, прадпрыемства паступова пашырае геаграфію новых рынкаў збыту. Ці не абернецца рост экспарту напаўпустымі прылаўкамі айчынных крам? Каб гэтага пазбегнуць, у гонцы за новымі адрасамі паставак важна прытрымлівацца пісьменнага балансу па рэгуляванні аб'ёмаў прадукцыі для ўнутранага і знешняга рынкаў, лічыць Алег Сяргеевіч.

Прарыўных вынікаў у эканоміцы ПУП «Аршанскі мясакансервавы камбінат» чакаюць ад новага дырэктара Мікалая Мацкевіча. Будаўніцтва забойным цэха, а таксама новага цэха па вытворчасці кансерваў і каўбасных вырабаў — вось такая камбінацыя развіцця прадпрыемства ў найбліжэйшы час, якая дазволіць забяспечыць сыравінай увесь вытворчы цыкл камбіната і павялічыць яго магутнасці.

Павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, таварнасці малака, аналіз яго рэалізацыі, паляпшэнне якасных характарыстык — гэтыяаспекты сталі ключавымі пунктамі для цяперашніх аграменеджараў, якім узгоднена падаўжэнне кантрактаў.

Прадуманая племянная і заатэхнічная праца, плюс добрая кармавая база, і становіцца зразумела, чаму надоі ў гаспадарцы «Новыя Гаряны» Полацкага раёна штогод ідуць па нарошчванні. Гэта тое прадпрыемства, на якое трэба раўняцца, падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама. Малочная планка арганізацыі — сярэдні надой звыш пяці з паловай тысяч кілаграмаў — запаветная вышыня для многіх. А гэта — стратэгічны прадукт, які на працягу ўсяго года застаецца гарантам стабільнай выручкі. Кіраўнік Вісарыён Нам разумее: каб больш атрымліваць «белага золата», трэба нарошчваць аддачу кармавых угоддзяў. Таму не проста так нарыхтоўка кармоў па сваёй значнасці прыраўноўваецца да ўборкі хлеба. Яшчэ адно складовае поспеху «Новых Гарян» — захаванне тэхналогіі ўтрымання жывёл. Амаль на роўных з гэтым прадпрыемствам ідуць гаспадаркі «Барсучанка» Докшыцкага раёна (кіраўнік Сяргей Маскалёнак), «ПалітаддзелАгра» Бешанковіцкага раёна (кіраўнік Аляксандр Камовіч).

Кантракты таксама падаўжаны кіраўнікам сельсгаспрадпрыемстваў «Надзежына» Талачынскага раёна Аляксандру Молчанаву, «Сарочына» Ушацкага раёна Алегу Лёле, «Малькава» Пятру Шынкевічу і «Данукала-Агра» Лёзненскага раёна Міхаілу Зазіту. Устаноўка для іх: кропкі росту — у пісьменным выкарыстанні прыродных, матэрыяльных, фінансавых і працоўных рэсурсаў. Калі не нарошчваць ключавыя паказчыкі, то некаторыя эканамічныя хваробы прадпрыемстваў стануць хранічнымі і істотна пацягнуць эканоміку раёнаў і даходы аграрыяў уніз.

Вольга БУЛАВКА,
галоўны спецыяліст
галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы
і па справах моладзі
Віцебскага аблвыканкама.