Пры ўзгадненні падаўжэння кантрактаў Мікалай Шарснёў звярнуў увагу кіраўнікоў на павышэнне рэнтабельнасці вытворчасцей
Старшыню аблвыканкама Мікалая Шарснёва пры прызначэнні цікавіла перш за ўсё стратэгія далейшага развіцця гэтых прадпрыемстваў. Неапраўдана, калі сучасны кіраўнік мысліць толькі катэгорыямі дня бягучага і не бачыць, што там, за гарызонтам.
Ірына Тойранен лічыць, што на заводзе трэба пашыраць асартымент выпускаемай прадукцыі, і ўмовы для гэтага ёсць. Напрыклад, пэўныя бонусы абяцае вытворчасць і рэалізацыя сушак і чырвонага соладу (прадпрыемства выпускае белы солад, і ён запатрабаваны).
- А што б Вы маглі прапанаваць на рэалізацыю ў сталічны мегаполіс? – цікавіцца Мікалай Мікалаевіч. – На жаль, у Мінску прадукцыя Віцебшчыны прадстаўлена недастаткова.
Новы дырэктар мае намер падняць узровень кандытарскіх вырабаў Верхнядзвінскага хлебазавода і прадаваць іх як у сталіцы, так і ў расійскім памежжы. Галоўнае – абысці канкурэнтаў і пралічваць кожную здзелку, каб не ўпусціць выгаду. На гэта яе нацэліў і старшыня аблвыканкама: працаваць на прыбытак.
Новаму дырэктару КУП ЖКГ ”Браслаў-камунальнік“ Мікалай Шарснёў задаў пытанне, што, на яго думку, неабходна зрабіць у Браславе, каб горад стаў па-сапраўднаму прывабным для турыстаў?
Віталь Трафіменкаў з пазіцый камунальных службаў абазначыў галоўныя жыватворныя праблемы раённага цэнтра, такія як мадэрнізацыя кацельнага абсталявання, рамонт сістэмы водазабеспячэння, стан лазні. Так, усе гэтыя пытанні трэба вырашаць паэтапна. Але галоўным старшыня аблвыканкама для Браслава усё ж лічыць пытанне добраўпарадкавання набярэжнай, якая павінна быць не горш, чым на чарнаморскіх курортах. Нельга, каб пад'езды да азёр у месцах масавага адпачынку зарасталі крапівой або іншай расліннасцю.
Шмат
пытанняў узнікла да кіраўніка ААТ «Пастаўскі райаграсэрвіс» Міхаіла Бутара, які працуе на пасадзе дырэктара крыху больш за два гады. Вытворча-эканамічныя паказчыкі прадпрыемства сведчаць аб адсутнасці прагматычнага падыходу да пытанняў гаспадарання.- У вас няма паказчыкаў, таму што няма тэхналогій, - адзначыў Мікалай Шарснёў. – Нізкі выхад прадукцыі на гектар сельскагаспадарчых земляў. Нізкі надой малака. А калі няма прадукцыі, то няма і заробку.
Прычына такога нездавальняючага становішча бачыцца ў тым, што аграсэрвісы страцілі сваю былую функцыянальнасць. Яе трэба аднаўляць. Праз стварэнне атрадаў, якія змогуць аказваць паслугі сельгаспрадпрыемствам па запатрабаваных напрамках, няхай гэта будзе ўзворванне земляў ці ўнясенне угнаенняў. У бліжэйшы час у гаспадарку выедзе намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Аскерка, каб вызначыцца адносна далейшага кіраўніцтва прадпрыемствам.
Не інакш як абсурднай была названа сітуацыя з філіялам ”Паўдзеткі“ ААТ ”Малако“ г.Віцебск. У дырэктара філіяла па сутнасці няма фінансавых сродкаў, каб своечасова рэагаваць на неабходныя вытворчыя патрэбы. Уся выручка за малако і мяса застаецца ў перапрацоўшчыка на галоўным прадпрыемстве, атрымліваецца, у дырэктара філіяла правоў і магчымасцей не больш, чым у брыгадзіра. Старшыня аблвыканкама перакананы, што падыходы да такога кіравання трэба змяніць. Філіялы павінны мець свае разліковыя рахункі.
На ўзгадненні падаўжэння кантрактаў былі прадстаўлены і дырэктары двух буйных аршанскіх прадпрыемстваў - ”Завода ”Легмаш“ Сяргей Колас і станкабудаўнічага завода ”Чырвоны бальшавік“ Аляксандр Шульгін. Старшыня аблвыканкама звярнуў увагу кіраўнікоў на павышэнне рэнтабельнасці вытворчасцей і выхаду на больш устойлівую працу.
Аснова для кіраўніка – эканоміка прадпрыемства. Ад яе залежыць і перспектыва развіцця, і дабрабыт калектыву. На парадку дня – зніжэнне затрат. Формула для ўсіх адна: перамагае наймацнейшы.
Святлана Дзядзінкіна,
галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення
ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі аблвыканкама.