«У корані змяніць стаўленне да працы», — такую задачу паставіў Мікалай Шарснёў прызначаным кіраўнікам прадпрыемстваў АПК
На кадравым дні ў старшыні аблвыканкама на пасады дырэктараў Полацкага і Глыбоцкага райаграсэрвісу зацвярджаюцца Віктар Хвошч і Аляксандр Варона. Для падаўжэння кантракту запрошаны і дырэктар ААТ «Аршанскі райаграсэрвіс» Аляксандр Дзерваед. Усе трое разумеюць: выйсце адно – нарошчваць вытворчасць прадукцыі і тэмпы аказання паслуг.
- Гаспадаркам у любым раёне патрэбны такія атрады, як у вас – для аказання тэхнічнай дапамогі, паслуг па нарыхтоўцы кармоў, абароне раслін, хімпраполцы, унясенні ўгнаенняў, абескальванні глеб, - упэўнены Мікалай Мікалаевіч Шарснёў.
Паказчыкі ў Глыбоцкім аграсэрвісе нізкія. Прадпрыемства мінусуе на нарыхтоўцы травяных кармоў, падае тэмп росту валавой прадукцыі. А бо можна адправіць тэхніку на нарыхтоўку кармоў у суседнія раёны, дзе стаяць нескашаныя травы нават уздоўж дарог!
- Трэба ў корані мяняць стаўленне да працы, планаваць кожны крок, лічыць кожны літр паліва, кожную дэталь да машыны, - напутствуе старшыня. – Як збярэце каманду - так і будзеце працаваць.
Аршанскі аграсэрвіс – быў адным з лепшых у краіне, цяпер тут выручка на аднаго работніка ўпала ў параўнанні з 2014 годам амаль удвая. Так, сёння запатрабаваны МАЗы, яны коцяцца па дарогах без выхадных – у раёне ідзе будаўніцтва цяпліц, аўтатранспарт прыносіць добры даход аграсэрвісу. Аляксандр Дзерваед шукае новыя варыянты аказання паслуг. У гаспадарцы ў 2,5 раза вырасла плошча ворыва: больш за 8 тысяч гектараў, колькасць малочнай жывёлы невялікая – усяго 2043 каровы, рэнтабельнасць продажаў рэзка ўпала (-19,2%). Адсутнасць сістэмнасці ў працы кіраўніцтва не дае станоўчага выніку.
- Аршанскі, Талачынскі, Дубровенскі раёны – гэта нашы жытніцы, - кажа Мікалай Шарстнёў. – У атрадаў аграсэрвісу заўсёды будзе фронт работ, ім трэба пашыраць спектр аказання паслуг, якія прыносяць прыбытак.
Новыя кіраўнікі ў ААТ «Канстанцінаўскі двор» Глыбоцкага раёна і КУСГП «Аграбярэснеўка» Докшыцкага раёна – Юрый Ваховіч і Валерый Глухоўскі. Эканоміка абодвух прадпрыемстваў пакідае жадаць лепшага. А паказчыкі складаюцца з першага выхаду трактара ў поле, з выканання тэхналагічнай каляіны, з правядзення абароны, падкормкі раслін. Юрыю Ваховічу неабходна аптымізаваць колькасць працуючых, падняць таварнасць малака на дзесяць пунктаў, палепшыць іншыя паказчыкі па жывёлагадоўлі. Для Валерыя Глухоўскага важна зрабіць стаўку на нарыхтоўку кармоў, каб павысіць прывагі буйной рагатай жывёлы.
Рэзка ўпала выручка на аднаго працуючага і на КУСГП «Чашніцкае» Чашніцкага раёна. Старшыня аблвыканкама ацаніў сітуацыю строга: поўная бязмежны кантроль з боку кіраўніка. Выправіць сітуацыю даручана новаму дырэктару Мікалаю Малючэнку, які раней кіраваў Чашніцкім аграсэрвісам.
З дакладнай праграмай дзеянняў выступіў на кадравым дні малады дырэктар ААТ «Лоўжанскае» Шумілінскага раёна Аляксей Пытко. Задача нумар адзін – камплектацыя жывёлагадоўчага комплексу. Ужо ў ліпені ў гаспадарцы плануюць атрымаць сярэднясутачныя прывагі па 800 грамаў. Праз паляпшэнне структуры кармоў павысіць надой малака ад каровы. Перагледзець лагістыку ўнутры прадпрыемства, каб ні адзін механізатар не працаваў ухаластую.
Мікалай Шарснёў падтрымаў дадзеную праграму дзеянняў, адзначыўшы, што камплектацыя комплексу – зона адказнасці і старшыні райвыканкама. Рэкамендавана больш увагі надаваць мясной жывёле, затраты на якую акупіруюцца ў два разы хутчэй, чым на малочным напрамку. Пры прызначэнні дырэктара філіяла «Вымна» ААТ «Малако» Мікалая Какушкіна старшыня аблвыканкама паставіў перад ім задачу навесці парадак у земляробстве. Нельга дапускаць, каб лепшыя землі раёна дрэнна апрацоўваліся.
Разам з дырэктарамі – аграрыямі на кадравым дні і кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў. Уладзімір Траіцкі, які раней узначальваў Аршанскі авіярамонтны завод, прызначаны на пасаду дырэктара ААТ «Аршанскі інструментальны завод». Мікалай Шарснёў прагназуе, што неўзабаве прадпрыемства можа апынуцца ў камунальнай уласнасці вобласці. Расія – прыярытэтны напрамак для развіцця партнёрскіх адносін. Трэба ствараць перадумовы для ўмацавання кааперацыйных сувязяў, больш настойліва прапаноўваць расійскім інвестарам сваю пляцоўку. Бо на прадпрыемстве захаваліся пісьменныя спецыялісты, і гэта заўсёды прывабна.
У складаным становішчы знаходзіцца ААТ «Оршааграпраммаш», якім з 2008 года кіруе Ігар Сінякоў. Да аршанскіх машынабудаўнікоў далучылі Баранавіцкі камбінат сіласных вежаў з вялікім шлейфам даўгоў. Які выхад з сітуацыі? Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў лічыць далучэнне мэтанедаравальным і настойвае на тым, каб вярнуцца да разгляду гэтага пытання на ўзроўні міністэрства.
- Ваша стратэгічная лінія – фарміраваць сваю палітыку для аграпрамысловага комплексу, пашыраць наменклатуру прадукцыі, знаходзіць новыя рынкі збыту ў Сярэдняй Азіі, Лацінскай Амерыцы.
Захаваць калектыў і актывізаваць работу па заключэнні дагавораў на новыя распрацоўкі даручана і дырэктару ААТ «Віцебскі завод электравымяральных прыбораў» Яўгену Лядвину.
Падводзячы вынікі кадравага дня старшыня аблвыканкама запатрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў дзейнічаць упэўнена і хутка, каб дамагчыся станоўчай дынамікі ў развіцці. Плануйце вынікі і эканамічную выгаду – і эфект будзе.
Святлана Дзядзінкіна,
галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення
ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі аблвыканкама.