Кадравы дзень: у сістэме аховы здароўя, буйных прамысловых прадпрыемствах і арганізацыях аграрнага профілю рэгіёна з'явіліся чатыры новыя прозвішчы
Кожны з прызначаных разумее: новая пасада – гэта не месца, дзе можна адседзецца ў стосе папер. Сённяшняе становішча спраў у эканоміцы, аграрным сектары, медыцыне дыктуе пэўную кадравую палітыку. З дырэктарскага корпуса і раней быў падвышаны попыт, але цяпер планка ўзнята на парадак вышэй. Адсюль – максімальная стараннасць пры адборы кандыдатаў. Кіраўнік вобласці заўсёды імкнецца пераканацца асабіста, ці валодае прызначаны сітуацыяй у сваёй галіне і ці разумее стратэгічныя задачы. Таму перш чым паставіць подпіс пад прапанаваным прозвішчам, Мікалай Мікалаевіч падрабязна вывучыў службовы спіс канкрэтнага прэтэндэнта і зрабіў выбар на карысць кіраўнікоў і гаспадарнікаў, гатовых ісці ў нагу з часам.
Так, на пасаду галоўнага ўрача абласнога клінічнага стаматалагічнага цэнтра прызначаны Алег Багінскі, які раней 11 гадоў узначальваў профільную віцебскую паліклініку. У розныя гады гэтая установа пад кіраўніцтвам Алега Юр'евіча прызнавалася пераможцам спаборніцтваў за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканоміі рэсурсаў, была занесена на Дошку гонару г. Віцебска. Дзякуючы граматнай стратэгіі кіравання Алега Багінскага на папярэднім месцы працы ўдалося дасягнуць росту выручкі ад рэалізацыі, аб'ёмаў работ па платных паслугах.
Нягледзячы на пэўнае павелічэнне долі прыватнага бізнесу ў сферы стаматалогіі, большасць людзей па-ранейшаму аддае перавагу дзяржаўным медыцынскім установам. Сёння істотная доля базавай стаматалагічнай дапамогі, якая аказваецца ў дзяржустановах, па-ранейшаму датуецца з бюджэту.
Абласны цэнтр стаў свайго роду «зубной Меккай» для многіх замежных пацыентаў. Прычына простая: цэны на паслугі, якія аказваюцца замежным грамадзянам з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, таннейшыя, не саступаюць і якасць абслугоўвання, і прафесіяналізм кадраў. Таму
ежегодны план экспарту паслуг перавыконваецца. Прыбытак ад пазабюджэтнай дзейнасці дазваляе сваімі сіламі часткова абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу, рамантаваць тэхніку. Новым этапам у развіцці і дадатковым крыніцай фінансавання ў галоўнай стаматалагічнай установе вобласці, па словах Алега Багінскага, стане дентальны 3D-тамограф, які хутка будзе ўсталяваны. Галоўны ўрач не сумняваецца: дарагое абсталяванне хутка акупіцца, бо дакладнасць дыягностыкі і шырокія магчымасці назірання за плынню лячэбнага працэсу зробяць яго запатрабаваным. Да таго ж у падпарадкаваных абласному стаматалагічнаму цэнтру ўстановах трэба будзе правесці ацэнку стану матэрыяльна-тэхнічнай базы. Такая інвентарызацыя дазволіць кропкава выявіць «слабыя звяны» і ў перспектыве абнавіць абсталяванне з прыцэлам на больш якаснае аказанне стаматалагічнай дапамогі.Развіваць навуку і выкарыстоўваць яе дасягненні ў аграрным сектары прапанаваў Мікалай Шарстнёў Андрэю Балышу — новаму дырэктару РУП «Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі». На прадпрыемстве ён прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да намесніка дырэктара па вытворчасці, таму пра «начынне» занальнага інстытута ведае не па чутках. Сёння тут вядзецца важная даследчая праца па выпрабаванні розных сартоў агракультур. Практыка паказвае: у нашых умовах сарты замежнай селекцыі шмат у чым пераўзыходзяць айчынныя і на выхадзе паказваюць высокую ўраджайнасць. Прыклад таму — бульба. Па гэтай лініі трэба прасоўваць працу са збожжавымі і зернебабовымі культурамі з улікам кліматычных умоў. Асабліва актуальная тэма для заходніх рэгіёнаў Віцебшчыны, дзе значна пераўвільготнена глеба, з-за чаго значна запавольваюцца работы на палях. Менавіта з выкарыстаннем сучасных навуковых падыходаў і тэхналогій у частцы паляпшэння ўстойлівасці сартоў раслін да неспрыяльных знешніх фактараў звязвае старшыня аблвыканкама перспектывы сучаснай сельскай гаспадаркі. Мікалай Шарстнёў заклікаў новага кіраўніка смела выходзіць за межы стандартнага, ісці не трывіяльнымі шляхаміі нацэліў на ўкараненне інавацыйных распрацовак у разрэзе эканамічнай эфектыўнасці земляробства. А для гэтага трэба правесці мноства даследаванняў і вынесці «вердыкт» для раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў.
Дадаткам да прызначэння Уладзіміра Будо дырэктарам ААТ «Княж» Шаркаўшчынскага раёна стаў важкі партфель даручэнняў, галоўным з якіх стаў постулат: пефарматаваць працу. У гэтым годзе працяглыя дажджы цалкам падкасілі працу на палях прадпрыемства. Тут застаецца ўбраць парадку 40 % плошчаў. Кожны пратэрмінаваны дзень можа абярнуцца вялікімі стратамі. Далёка не бліскучыя справы і ў жывёлагадоўчай галіне: нізкія паказчыкі прывесу жывёлы, надою на адну карову, валавай вытворчасці малака і яго рэалізацыі. Усё гэта ў выніку адбіваецца на паступленні грошай у казну прадпрыемства, з чаго забяспечваецца фінансаванне бягучых выдаткаў, выплата заработнай платы і інш.
Узгадняючы Віктара Аксёнава на пасаду дырэктара КУВП «Віцебчанка», Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што прадпрыемства павінна весці падрыхтоўку рабочых кадраў у цесным супрацоўніцтве з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— Далёка не ўсе каледжы сёння валодаюць дастатковай матэрыяльнай базай для падрыхтоўкі маладых кадраў, таму, пачынаючы з першага курса, навучэнцы павінны вучыцца працаваць на сучаснай тэхніцы. Забяспечыўшы праходжанне практыкі ў лепшых гаспадарках і прадпрыемствах, моладзь убачыць у прафесіі станоўчыя бакі, атрымае перадавы вопыт. Тады мы выхаваем высокаарганізаванага і высокапрафесійнага спецыяліста і надалей будзем рыхтаваць кадры па прызначэнні, — звярнуў увагу кіраўнік вобласці.
Тэма адукацыі была працягнута пры узгадненні падаўжэння кантракту дырэктару ДУДА «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых» камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Фёдару Почку. Яго Мікалай Шарснёў нацэліў пастаянна трымаць руку на пульсе эканомікі рэгіёна і аператыўна рэагаваць на патрабаванні рынку працы, каб валодаць сітуацыяй аб запатрабаваных спецыяльнасцях.
Задачы, пастаўленыя ў рамках кадравагадня, розныя і адрасныя, але аб’ядноўвае іх адно – няпростая эканамічная сітуацыя, таму ўсё павінна быць выканана ў найкароткі тэрмін, часу на разварушванне ў новых крэслах няма.
Вольга БУЛАВКА,
галоўны
спецыяліст
галоўнага
упраўлення ідэалагічнай работы,
культуры і па
справах моладзі
Віцебскага
аблвыканкама.