Камітэт эканомікі: прадпрыемствы вобласці ў першым квартале ўтрымалі экспарт тавараў на ўзроўні 106 %

Нягледзячы на сітуацыю ў сувязі з няпростай эпідэміялагічнай абстаноўкай, прадпрыемствы вобласці ў першым квартале гэтага года змаглі ўтрымаць экспарт тавараў (без уліку нафтапрадуктаў) на ўзроўні 106%.

Гэты паказчык, па словах намесніка старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанціна Чорнага, забяспечылі арганізацыі, якія маюць устойлівую тавараправодзячую сетку за мяжой, дыверсіфікуюць пастаўкі па рэгіёнах свету, прадаюць гатовы тавар, а не сыравінны паўфабрыкат, выкарыстоўваюць электронную сістэму продажаў і заяўлены на замежных тэндэрах.

Так, экспарт мяса-малочных прадпрыемстваў павялічыўся на 8 мільёнаў долараў, тэмп росту склаў 120 працэнтаў.

Па арганізацыях без ведамаснай падпарадкаванасці назіраецца рост экспарту сілавога кабеля, прысадак да змазачных алеяў, гатовых металаканструкцый для будаўніцтва, гандлёвага абсталявання, гатовых сталярных вырабаў, паркету. У асноўным тавары, вырабленыя прадпрыемствамі вобласці, пастаўляліся ў краіны ЕАЭС (62 працэнты), ЕС (24 працэнты) і іншыя дзяржавы свету (14 працэнтаў).

Доля высокатэхналагічных тавараў у экспарце складае 33 працэнты (у 2019 годзе – 30 працэнтаў).

– Эпідэміялагічная сітуацыя адмоўна адбілася на экспарце паслуг, асабліва транспартных, будаўнічых, турыстычных, аздараўленчых і адукацыйных, – падкрэсліў Канстанцін Эдуардавіч. – Па выніках першага квартала ён скараціўся амаль на 30 працэнтаў. І гэта не дзіўна, бо гэты від бізнесу шмат у чым залежыць ад нашых замежных партнёраў і можа атрымаць развіццё толькі пасля аднаўлення працы эканомікі ў рэгіёнах.

Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове ў студзені–сакавіку склалі 40,5 мільёна долараў, аснова закладзена ў 2019 годзе за кошт мадэрнізацыі існуючых і развіцця новых вытворчасцей: «Цыліндэрс Бел» (вытворчасць балонаў у Оршы), «КімаБел» і «Віцебская лесапільня» (дрэваапрацоўка), «Націўіта» і «Вік здароўе жывёл» (ветпрэпараты і фармацэўтыка), «Натрыкс», «Мадэрн-Экспа», «Белполіпластык», Наваполацкі завод металаканструкцый (машынабудаванне), ЛЛК-Нафтан (вытворчасць змазачных алеяў).

За кошт заделу, атрыманага ў 2019 годзе ў частцы праектавання і прапрацоўкі крыніц фінансавання, паспяховай абароны бізнес-планаў, выбару найбольш канкурэнтнай тэхналогіі, у студзені–сакавіку 2020 года ў Віцебскай вобласці выкарыстана 553,4 мільёна рублёў інвестыцый у асноўны капітал (тэмп росту склаў 117,2 працэнта да студзеня – сакавіка 2019 года).

Выкананы будаўніча-мантажныя работы на 278,9 мільёна рублёў.

Праведзеныя разлікі дазваляюць казаць пра тое, што прырост гэтых паказчыкаў захаваецца і па выніках першага паўгоддзя 2020 года.