Камітэт дзяржмаёмасці: былую пошту XIX стагоддзя ў Гарадоцкім раёне прадалі на аўкцыёне

100-м аб'ектам, прададзеным камітэтам «Віцебскаблмаёмасць» сёлета, стала былая паштовая станцыя, размешчаная побач з в. Кузьміна Гарадоцкага раёна.

Паштовая станцыя, пабудаваная ў 1848 годзе, з'яўляецца помнікам архітэктуры. Станцыя ўключае ў сябе: станцыйны дом (міні-кафэ і бар), флігель (матэль), карэтную (гаражы і склады), шахтавы калодзеж, пешаходную частку, агароджу, водаправод, каналізацыю і электразабеспячэнне.

Характэрна, што ў 2018 годзе гэты аб'ект нерухомасці ўжо выкупляў інвестар на аўкцыёне за базавую велічыню, аднак з-за невыканання ўмоў аўкцыёну (не здолеў арганізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць з выкарыстаннем нерухомасці) станцыя была вернута назад дзяржаве і паўторна выстаўлялася на таргі сёлета.

Выніковым стаў 4-ы аўкцыён, калі пачатковая цана была вызначана ў памеры 5 базавых велічынь. На лот прэтэндавала два пакупнікі. У ходзе таргоў, на 23-м кроку аўкцыёну, паштовая станцыя прададзена за 1558 руб. прыватнай арганізацыі з Гарадка, якая плануе выкарыстоўваць аб'ект у галіне прыдарожнага сэрвісу.

Па-ранейшаму найбольшую цікавасць у пакупнікоў выклікаюць аб'екты, якія прапануюцца за базавую велічыню – такіх сёлета было 59 аб'ектаў (59%).