Камітэт дзяржмаёмасці: у Віцебскай вобласці вызначаць населеныя пункты, дзе пустуючыя жылыя дамы будуць прадавацца за базавую на аўкцыёне і без аўкцыёну
Пустуючыя жылыя дамы знаходзяцца не толькі ў аддаленых сельскіх населеных пунктах, але і ў самым Віцебску.
Важнасць вырашэння праблемы пустуючых жылых дамоў у сельскай мясцовасці падкрэслена і Кіраўніком дзяржавы, і Урадам краіны. 24 сакавіка Прэзідэнт падпісаў Указ № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі», а ў жніўні месяцы прынята рашэнне Віцебскага аблвыканкама № 415 "Аб адчужэнні пустуючых жылых дамоў у Віцебскай вобласці", якое ўступіць у дзеянне з 27 верасня.
Пустуючыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і якія перайшлі ва ўласнасць дзяржавы, цяпер могуць прадавацца на аўкцыёнах з пачатковай цаной продажу, роўнай адной базавай велічыні, альбо адразу за 1БВ без правядзення таргоў.
Акрамя таго, з улікам прапаноў гарадскіх і раённых выканкамаў вызначаны населеныя пункты, дзе такая нерухомасць можа ўключацца ў абарот толькі на таргах. Усяго ў гэты пералік уключана 380 населеных пунктаў у 16 раёнах Віцебшчыны, у тым ліку 13 раённых цэнтраў, а таксама Віцебск і Наваполацк.
Найбольшае прадстаўніцтва у пераліку маюць Лепельскі (57 населеных пунктаў), Сенненскі (53) і Віцебскі (43) раёны. У Дубровенскім раёне абмежаванні распаўсюджваюцца толькі на райцэнтр. Пры гэтым на ўсёй тэрыторыі Докшыцкага, Пастаўскага, Россонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага раёнаў пустуючае жыллё можа прадавацца адразу за базавую і без аўкцыёну.
Адчужацца такія дамы могуць без наяўнасці праваўтваральных дакументаў на іх пры ўмове ўнясення звестак аб жылых дамах у пагаспадарскую кнігу сельскага выканаўчага камітэта альбо іх узвядзення на зямельных участках, прадастаўленых у адпаведнасці з заканадаўствам.
Рэгістраваць дагаворы адчужэння будуць выканкамы па месцы знаходжання жылых дамоў без спагнання платы, а афармляць праваўтваральныя дакументы на яго і зямельны ўчастак павінен будзе пакупнік.