Камітэт дзяржмаёмасці: за паўгода прададзена 62 невыкарыстоўваных аб'екта нерухомасці на суму больш за 2 млн. рублёў

Усяго за 6 месяцаў 2022 года шляхам продажу на аўкцыёне ў гаспадарчы абарот уключана 62 аб'екты нерухомасці.

Гэта таксама дазволіла папоўніць дзяржаўны бюджэт на 2290 тыс. руб., што перавышае леташнія паказчыкі – 59 аб'ектаў на 1717 тыс. руб.

Найбольш запатрабаванымі становяцца аб'екты, прапанаваныя за базавую велічыню – калі ў мінулым годзе такіх было прададзена 34 аб'екты, то сёлета іх ужо 45.

Найбольшую колькасць з прададзеных аб'ектаў складаюць аб'екты сацыяльнай сферы (былыя дзіцячыя сады, школы) – такіх прададзена 19 аб'ектаў. Таксама запатрабаваны вытворчыя аб'екты – прададзена 13, сельскагаспадарчыя – 12, крамы – 8.

Санаторый у Браславе стаў самым дарагім аб'ектам, прададзеным камітэтам сёлета, і пры гэтым ён стаў першым аб'ектам сёлета, які быў прададзены на аўкцыёне без зніжэння пачатковага кошту продажу. Так, 6 чэрвеня на аўкцыёне комплекс будынкаў санаторыя, размешчаны ў цэнтры г. Браслаў у хваёвым лесе на ўчастку паміж двух азёр, за 630 тыс. руб. набыла прыватная арганізацыя з Мінска.

На ліпень камітэтам ужо абвешчана 52 аўкцыёны па продажы невыкарыстоўваемых аб'ектаў дзяржмаёмасці. Сярод іх 8 школ, 6 аддзяленняў сувязі, 5 адміністрацыйных будынкаў, 3 крамы. На аўкцыён за базавую велічыню прапануецца 11 аб'ектаў нерухомасці.

Найбольшую цікавасць можа выклікаць будынак, размешчаны ў самым цэнтры Полацка на плошчы Свабоды па праспекце Францыска Скарыны, 1А. Першапачаткова ён будаваўся як прыбудова да дзіцячай мастацкай школы. Пасля быў перададзены гарадской бальніцы – там планавалася размяшчэнне паліклінікі.

У адрозненне ад суседніх будынкаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, гэта новы аб'ект – яго будаўніцтва было завершана ў 2017 годзе. Аўкцыён па ім прызначаны на 12 ліпеня з пачатковым коштам продажу 313 тыс. рублёў.