Камітэт дзяржаўнай маёмасці: крама і школа ў Чашніцкім раёне прададзеныя на аўкцыёне за базавую велічыню

Будынак крамы ў в. Жучкі Чашніцкага раёна прададзены камітэтам адзінаму пакупніку на аўкцыёне за базавую велічыню. Да гэтага крама 4 разы безвынікова выстаўлялася на аўкцыён. Новы ўласнік – фізічная асоба, жыхар г.п. Чашнікі, плануе правесці рэканструкцыю і выкарыстоўваць аб'ект для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.

Комплекс будынкаў школы ў в. Антополле Чашніцкага раёна таксама быў прададзены на аўкцыёне за базавую велічыню адзінаму пакупніку – індывідуальнаму прадпрымальніку з Шумілінскага раёна. У склад прададзенага аб'екта ўваходзіць двухпавярховы будынак школы, будынкі інтэрната і кацельні, агульнай плошчай больш за 3,5 тыс. м.кв. Школу спрабавалі прадаць з 2016 года – за гэты перыяд яна 12 разоў выстаўлялася на аўкцыён, у тым ліку 8 разоў за базавую велічыню.

Неабходна адзначыць, што ў бягучым годзе знаходзяць новых уласнікаў аб'екты, якія да гэтага не маглі прадаць шмат гадоў. Так школа стала пятым аб'ектам, прададзеным у гэтым годзе з тых, што прадаюцца камітэтам ужо больш за 3 гады.