Камітэт дзяржаўнай маёмасці: у Аршанскім раёне засталося неўключанымі ў гаспадарчы абарот 129 з 693 выяўленых аб'ектаў нерухомасці

У Оршы прайшло выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, на якім была разгледжана эфектыўнасць рэалізацыі Праграмы развіцця Аршанскага раёна. У прыватнасці, узнімаліся пытанні ўцягвання ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб'ектаў нерухомасці як адных з галоўных рэзерваў развіцця эканомікі.

Варта нагадаць, што дзякуючы прыняццю Указа №506 рэгіёну прадастаўлены беспрэцэдэнтныя меры падтрымкі, якія закліканы стымуляваць развіццё ва ўсіх сферах дзейнасці.

У адпаведнасці з даручэннем урада камітэтам «Віцебскаблмаёмасць» сумесна з Аршанскім райвыканкамам быў актуалізаваны пералік невыкарыстоўваемых аб'ектаў нерухомасці на тэрыторыі рэгіёну.

Першапачаткова, падчас праведзенай праверкі выкарыстання маёмасці як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці ў верасні 2018 года было выяўлена 624 невыкарыстоўваемыя аб'екты. Па ўсіх аб'ектах быў складзены план уцягвання іх у гаспадарчы абарот з разбіўкай па гадах да 2023 года.

За мінулыя 3 гады быў уцягнуты ў гаспадарчы абарот, альбо знесены, ужо 581 аб'ект. На сённяшні дзень не ўцягнутымі засталося яшчэ 129 аб'ектаў.

Больш падрабязна азнаёміцца з пералікам аб'ектаў, што засталіся, можна на сайтах Віцебскага аблвыканкама, камітэта «Віцебскаблмаёмасць», Аршанскага райвыканкама, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі і іншых арганізацый.