Камітэт па архітэктуры і будаўніцтве: у 2022-м планавыя аб'ёмы бягучага рамонту дарог будуць перавыкананы

Якасць мясцовых аўтамабільных дарог непасрэдна ўплывае на сацыяльнае самаадчуванне і эканамічнае развіццё Віцебшчыны. Дзякуючы павелічэнню фінансавання ў 2022-м планавыя аб'ёмы бягучага рамонту дарог будуць перавыкананы. Аднак з-за інвестыцыйнай абмежаванасці ў папярэднія гады для галіны застаецца актуальным грашовае пытанне, каб нагнаць прапушчаныя раней нарматыўныя міжрэмонтныя тэрміны.

У такіх умовах першачарговай задачай для прадпрыемстваў дарожнай гаспадаркі з'яўляецца паляпшэнне транспартна-эксплуатацыйнага стану мясцовых дарог, забеспячэнне транспартных сувязей раённых цэнтраў паміж сабой, подъездаў ад райцэнтраў да аграгарадкоў, у якіх размешчаны сельскія Саветы дэпутатаў, і далей да цэнтральных сядзіб сельгасарганізацый, а таксама ад аграгарадкоў да іншых населеных пунктаў.

ФІНАНСЫ — ПАЛНЕЙ 

Як паведамілі ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама, у бягучым годзе значна павялічылася фінансаванне мерапрыемстваў Дзяржпраграмы «Дарогі Беларусі» на 2021 – 2025 гады. Так, з абласнога бюджэту ўсяго будзе выдзелена 25,6 млн руб., або на 35,4% больш, чым у 2021 годзе. Акрамя таго, у сакавіку прынята рашэнне аб павелічэнні стаўкі падатку на прыбытак на два працэнтныя пункты, пры гэтым дадатковыя паступленні ў бюджэт на суму 11 млн руб. пойдуць таксама на рамонт мясцовых дарог і рэканструкцыю мастоў. Яшчэ адна крыніца — міжбюджэтны трансферт на 27,4 млн руб. з рэспубліканскага бюджэту. Агульны аб'ём фінансавання ацэньваецца ў суму 81,6 млн рублёў, што на 12,2% больш за запланаваную на 2022 год суму.

Як вынік, за 8 месяцаў праведзены бягучы рамонт мясцовых дарог працягласцю каля 161 км, або 62,3% гадавога плана. Ужо з перавыкананнем задання вядуцца рамонтныя работы на дарогах Аршанскага раёна. У цэлым фінансавае суправаджэнне дзяржпраграмы ў 2022-м дазваляе прагназаваць дасягненне закладзеных у ёй мэтавых паказчыкаў па годзе, адзначылі спецыялісты. У прыватнасці, тэмп росту бягучага рамонту складзе 106,2%, гэта 274 км замест 258 км.

Акрамя таго, сёлета дарожнікам трэба рэканструяваць два маставыя збудаванні працягласцю 27 пагонных метраў. Гэта мост праз раку Аўта ў Мёрскім раёне (аўтадарога Заўцце – Клімяты, яго плануецца ўвесці датэрмінова восенню) і праз ручай на аўтадарозе Полацк – Ушачы, які ўвядуць у эксплуатацыю ў 4-м квартале. Паралельна пачнуцца падрыхтоўчыя работы яшчэ на трох аб'ектах у Талачынскім (праз раку Сакалянка на дарозе Орша – Коханава – Абольцы), Шумілінскім (на пад'ездзе да вёскі Сосніна) і Чашніцкім (праз раку Эса на дарозе Лепель – Красналукі – Халопенічы) раёнах. У планах абследаванняў на гэты год – 6 маставых збудаванняў (у 2021-м абследавана 18 аб'ектаў). Дарэчы, усяго па дзяржпраграме на пяцігодку запланавана рэканструяваць 8 маставых збудаванняў агульнай працягласцю больш за 140 паг. м (6 – на рэспубліканскіх дарогах, 2 – на мясцовых).

Важны аспект падтрымання транспартна-эксплуатацыйных паказчыкаў – работы па ўтрыманні мясцовых дарог. За 8 месяцаў на гэтыя мэты накіравана 19,1 млн руб., або 74,6% ад запланаваных гадавых асігнаванняў. Выканана рамонтнае прафіліраванне 20,6 тыс. км гравійных і грунтавых дарог, абкошана 14,5 тыс. км абочын, ліквідавана 93,3 тыс. кв. м ямачнасці. Дарожнікі ў цесным узаемадзеянні з раённымі і сельскімі выканаўчымі камітэтамі, Саветамі дэпутатаў, службамі ЖКГ праводзілі мерапрыемствы па барацьбе з хрэнам Сасноўскага, які прыбраны на плошчы 100,2 га пры плане 75 га.

ЦЭНЫ – УВЕРХ

Значны ўплыў на эканоміку прадпрыемстваў і ў цэлым на аб'ёмы дарожных работ аказвае іх істотная матэрыялаёмістасць. Удзельная вага матэрыяльных рэсурсаў у цане па некаторых відах работ складае больш за 80%. Кошт бітуму, шчэбню, дызельнага паліва дастаткова высокі і пастаянна павялічваецца, канстатуюць спецыялісты. Напрыклад, са снежня 2020-га па жнівень 2022 года бітум падаражэў амаль у 2,5 раза, дызельнае паліва – прыкладна на 40%, даламітавы шчэбень – на 22,7%. Прычым матэрыялы пастаўляюцца на ўмовах поўнай перадаплаты. Безумоўна, гэтыя фактары выклікаюць рост кошту работ і, як следства, іх аб'ёмы зніжаюцца.

На фоне значнага інвестыцыйнага суправаджэння работ у 2022 годзе не даюць аб сабе забыць фінансавыя няроўнасці папярэдніх гадоў. Працягласць мясцовых аўтамабільных дарог з пратэрмінаваным міжрамонтным тэрмінам складае больш за 14 тыс. км, або 93,7% іх агульнай працягласці. Таму рэалізацыя дзяржпраграмы палепшыць якасныя характарыстыкі толькі асобных дарог, але для вырашэння праблемы стану аўтатрас у цэлым патрабуюцца значна большыя фінансавыя рэсурсы: па ацэнцы спецыялістаў, толькі для выканання планавых паказчыкаў за 2021 – 2023 гады на бягучы рамонт дарог і рэканструкцыю мастоў неабходна 24,2 млн рублёў.

У 2022 годзе на рэспубліканскіх і мясцовых дарогах Віцебшчыны плануецца адрамантаваць 389 км, а таксама ўвесці ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі і капрамонту 8 маставых збудаванняў.

"Віцебскія весці".