Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне: каля 2,5 тыс. сацыяльных работнікаў Віцебскай вобласці атрымаюць надбаўкі за працу падчас напружанай эпідсітуацыі

Каля 2,5 тыс. супрацоўнікаў стацыянарных сацыяльных устаноў і аддзяленняў кругласутачнага знаходжання Віцебшчыны атрымаюць надбаўкі за працу падчас напружанай эпідэміялагічнай сітуацыі.

– Для недапушчэння распаўсюджвання інфекцыі сярод пражываючых у гэтых установах больш за 4 тысячы пажылых грамадзян і інвалідаў з красавіка персанал працуе вахтавым метадам. Работнікі, якія заступаюць на вахту, здаюць тэсты на COVID-19. Ім прадастаўляюцца памяшканні для пражывання, будуць выплачвацца сутачныя. У міжвахтавы перыяд яны павінны выконваць шэраг абмежаванняў з максімальнай самаізаляцыяй, – расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ніна Калымага.

Ніна Іванаўна адзначыла, што ва ўмовах, якія склаліся, для захавання працоўных калектываў сацустаноў вельмі актуальны падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 18 мая 2020 года Указ №169 «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў арганізацый, якія аказваюць сацыяльныя паслугі». З красавіка ім належыць надбаўка за 169 гадзін працы ў такім рэжыме: пры выяўленні выпадкаў інфекцыі і кантактаў з інфікаванымі асобамі – ад 900 да 1500 рублёў (у залежнасці ад катэгорыі персаналу), пры адсутнасці такіх эпізодаў – ад 250 да 500 рублёў.

"Віцебскія весці".