Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне расказаў, каму і калі належыць "узроставая" даплата да пенсіі

1. Калі пенсіянер уладкоўваецца на працу, ён павінен паведаміць пра гэта ў свой пенсійны аддзел. Больш таго, пенсіянер павінен паведаміць таксама і пра звальненне. Вышэйназваныя абставіны - працаўладкаванне і звальненне - у шэрагу выпадкаў уплываюць на памер пенсіі, якая падлягае выплаце.

Да прыкладу, пенсіянерам, якія маюць індывідуальны каэфіцыент заробку звыш 1,3, пенсія ў частцы звыш гэтага каэфіцыента ў перыяд працы не выплачваецца. Пры адсутнасці інфармацыі аб працы пенсіянера пенсія яму будзе выплачвацца ў завышаным памеры, без падстаў на гэта. Перавышаная сума пенсіі падлягае абавязковаму ўтрыманню, прычым у поўным аб'ёме.

Можа быць іншая сітуацыя: пенсіянер даўно звольніўся, але не паведаміў пра гэта. Паколькі пенсіянер працягвае лічыцца працуючым, па дасягненні 75-гадовага ўзросту яму не будзе ўстаноўлена ўзроставая даплата (па законе яна належыць з 75 гадоў непрацуючым атрымальнікам пенсій у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне). Недаатрыманая сума пенсіі будзе выплачана пенсіянеру не больш чым за 3 гады перад зваротам.

Аб абавязку паведамляць органу, які выплачвае пенсію, аб абставінах, якія цягнуць змяненне памеру пенсіі або спыненне яе выплаты, пенсіянер апавяшчаецца (пад яго асабісты подпіс) пры звароце за прызначэннем пенсіі або за яе пераразлікам. Таксама інфармацыя аб неабходнасці паведаміць аб падобных абставінах змяшчаецца ў пенсійным пасведчанні.

2. З якога канкрэтна перыяду пачынае налічвацца так званая "узроставая" даплата да пенсіі непрацуючым атрымальнікам. Яна ўстанаўліваецца аўтаматычна (без звароту ў пенсійны орган) і пачынае выплачвацца з месяца, наступнага за месяцам, у якім пенсіянер дасягнуў 75-гадовага ўзросту.

Памер даплаты людзям ва ўзросце ад 75 да 79 гадоў складае 75% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (з 1 мая гэтага года - 51,24 рублёў). З 80 гадоў памер "узроставай" даплаты павялічваецца да 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (з 1 мая - 68,32 рублёў). Сума мяняецца чатыры разы на год у сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня, 1 лістапада)

Даплата не ўстанаўліваецца: асобам, якія атрымліваюць пенсіі па лініі сілавых ведамстваў; працуючым пенсіянерам; асобам, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні і пражываюць у дзяржаўных стацыянарных арганізацыях сацыяльнага абслугоўвання; якія знаходзяцца ў месцах злачынства; якія пражываюць за межамі рэспублікі.