Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне: у Віцебскай вобласці вытворчы траўматызм знізіўся ў два разы
"У Віцебскай вобласці рэфармуюцца падыходы да сістэмы кіравання аховай працы праз рэалізацыю канцэпцыі нулявога траўматызму. Яна ўключае ў сябе мерапрыемствы па прафілактыцы траўматызму на вытворчасці, зніжэнні прафесійных рызык, узмацненні экалагічнай, прамысловай, пажарнай бяспекі, а таксама вытворчы кантроль і ахову працы. За студзень - лістапад 2020 года зафіксавана 9 выпадкаў вытворчага траўматызму са смяротным зыходам. Гэта ў два разы ніжэй за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года, калі было зарэгістравана 19 такіх выпадкаў", - адзначыў Аляксандр Хрыстафораў.
Аналіз прычын вытворчага траўматызму паказаў, што няшчасныя выпадкі адбыліся з-за неналежнага забеспячэння працадаўцамі бяспечных умоў працы. Для прафілактыкі вытворчага траўматызму праводзяцца праверкі. З пачатку года да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 678 адказных асоб, якія дапусцілі парушэнні вытворча-тэхналагічнай, выканаўчай або працоўнай дысцыпліны.
Аляксандр Хрыстафораў прывёў у прыклад прадпрыемствы вобласці, якія надаюць ахове працы першачарговую ўвагу. Сярод іх ААТ "Завод керамзітавага жвіру г. Навалукомль". Гэта неаднаразовы пераможца штогадовага агляду-конкурсу на лепшую працу па ахове працы і лідэр у будаўнічай галіне сярод прадпрыемстваў вобласці.