Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне: каля 90 аб'ектаў безбар'ернага асяроддзя абсталююць у Віцебскай вобласці да канца года
З гэтай колькасці 69 аб'ектаў адносяцца да сацыяльнай інфраструктуры. Гэта адміністрацыйныя будынкі, установы культуры, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання (дамы-інтэрнаты, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), бытавога абслугоўвання, аб'екты гандлю і жылфонду. "Па большай частцы гэта дапаўненне недастаючых звёнаў безбар'ернага асяроддзя там, дзе іх пакуль не хапае, каб усё адпавядала комплекснаму падыходу ў добраўпарадкаванні даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю і аслабленым здароўем. На розных аб'ектах з'явяцца тактыльная плітка, гукавыя інфарматары, таблічкі, якія дубліруюць назвы шрыфтам Брайля для людзей са слабым зрокам і сляпых, кантрасная маркіроўка дзвярэй і дзвярных ручак і іншае", - адзначылі ў аблвыканкаме.
У гэтым годзе будуць пераабсталяваны 20 аб'ектаў вулічна-дарожнай сеткі і транспартнай інфраструктуры. На пешаходных пераходах панізяць бардзюры, на спусках укладзуць тактыльную плітку, для людзей са слабым зрокам і сляпых усталююць святлафоры з гукавымі сігналамі, а таксама дапоўняць тратуары накіравальнай тактыльнай пліткай.
"Адным з найбольш буйных аб'ектаў стане аўтастанцыя ў Глыбокім. Пасля добраўпарадкавання комплекснага безбар'ернага асяроддзя тут з'явяцца санузлы для інвалідаў, гукавыя інфарматары на касах, тэрміналах, платформах пасадкі, таблічкі са шрыфтам Брайля, якія дубліруюць асноўную інфармацыю для пасажыраў. Будуць добраўпарадкаваны і парковачныя месцы для інвалідаў на прылеглай аўтастаянцы", - растлумачылі ў аблвыканкаме.
Таксама ў населеных пунктах вобласці на чатырох прыпынках грамадскага транспарту тых маршрутаў, якімі часцей за ўсё карыстаюцца людзі з інваліднасцю, дададуць элементы безбар'ернага асяроддзя - паніжаныя бардзюры і тактыльную плітку.
БелТА.