Камітэт «Віцебскаблмаёмасць»: дрэваапрацоўчы цэх у Віцебску прададзены на аўкцыёне
Будынак дрэваапрацоўчага цэха 1969 года пабудовы (плошча 2022 кв.м., у Віцебску па вул. 3-й Чапінскай, 41) выстаўляўся на аўкцыён ужо ў 5-ы раз, на гэты раз за базавую велічыню. На гэтую цану знайшлося два пакупнікі. У ходзе таргоў цана павялічылася ў 420 разоў, і на 44 кроку аўкцыёну аб'ект быў прададзены за 12222 рублі віцебскаму прыватнаму прадпрыемству. У будучыні тут плануецца адкрыць вытворчасць мэблі.
Таксама на аўкцыён за базавую велічыню выстаўляўся будынак дзіцячага садка 1964 года пабудовы (плошча 144 кв.м., у аг. Белькаўшчына Верхнядзвінскага раёна). На будынак дзіцячага садка знайшоўся толькі адзін пакупнік – прыватнае сельгаспрадпрыемства з гэтага населенага пункта, якому і быў прададзены. У будучыні ў гэтым будынку плануецца адкрыць інтэрнат.
Дадзены аб'ект стаў 52-м прададзеным камітэтам «Віцебскаблмаёмасць» на аўкцыёне ў бягучым годзе. Па-ранейшаму найбольшым попытам карыстаюцца аб'екты, якія выстаўляюцца на аўкцыён за базавую велічыню – такіх у гэтым годзе было ўжо 30.