Лекаства для памяці

У 1000 базавых велічынь агулам абышлася жыхару г. Даўгаўпілс Валерыю (даныя зменены) яго забыўлівасць. Перасякаючы мытную мяжу ЕАЭС, Валерый у сваёй машыне перавозіў набыты раней у Амстэрдаме гашыш, які і быў выяўлены супрацоўнікамі Віцебскай мытні падчас мытнага кантролю.

Гэты факт Валерый патлумачыў тым, што забыўся пра тое, што ў яго заставалася пасля ўжывання ў Амстэрдаме наркатычны сродак.

Своеасаблівымі «лекамі для памяці» Валерыя стаў прыгавор суда Браслаўскага раёна, паводле якога яму давядзецца заплаціць штраф у суме 1000 базавых велічынь, а таксама развітацца з машынай, на якой перасякаў мяжу, за здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных арт. арт. 328-1, 328 КК Рэспублікі Беларусь.

Намеснік Віцебскага транспартнага пракурора М.А.Сашчэка