Лепшых настаўнікаў Віцебскай вобласці 2017 года ўшанавалі ў аблвыканкаме
Сёлета гэты конкурс у краіне праводзіўся ў 25-ы раз, а адметнай рысай яго ў 2016-2017 навучальным годзе стала спаборніцтва ў васьмі намінацыях. Тры педагогі-прадметнікі нашай вобласці выйгралі рэспубліканскі этап і ўдастоены ганаровага і заслужанага звання «Настаўнік года». Першае месца заняла ў сваёй намінацыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы №15 горада Наваполацка Святлана Румянцава, сярод настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства пераможцам стаў педагог сярэдняй школы №3 горада Оршы Андрэй Іваноў, а ў намінацыі «Геаграфія, хімія, біялогія» лепшай прызнана настаўніца біялогіі гімназіі №5 горада Віцебска Марына Юр'ева.
Марына Валянцінаўна выкладае прадмет у 6-11-х класах, творча падыходзіць да арганізацыі ўрокаў, прыцягвае вучняў да даследчай дзейнасці.
На конкурсе прафмайстэрства, які па сутнасці з'яўляецца адным са спосабаў абагульнення і распаўсюджвання перадавога настаўніцкага вопыту, яна дэманстравала практыкаарыентаваны падыход да навучання біялогіі, дала два ўрокі — 11-га і 7-га класаў. Адзін з іх па тэме «Хваробатворныя бактэрыі» так званы начны, калі ў 5 раніцы настаўніца атрымала заданне, а ў 7.00 ужо прадставіла план правядзення заняткаў журы. Марына Юр'еўна і гэты экзамен вытрымала з гонарам.
Званне «Настаўнік года» яна ўспрыняла як высокую ацэнку сваёй працы, але таксама адзначыла, што ў паўсядзённай настаўніцкай практыцы для яе самая важная ўзнагарода — поспех вучня.
З гэтым салідарныя і яе калегі — удзельнікі прыёму.
Кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў уручыў пераможцам конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2017» ганаровыя граматы аблвыканкама.
Абласную каманду, якая прадэманстравала ў фінале і суперфінале конкурсу высокі прафесіяналізм, выдатную метадычную падрыхтоўку і заняла першае месца сярод усіх абласцей рэспублікі, узначальвала Любоў Віленчык, метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Разам з ёй настаўнік матэматыкі Браслаўскай гімназііДзмітрый Мацкевіч, дырэктары Баравухскай СШ №15 Ірына Васіленка, віцебскай гімназіі №5 Людміла Дзе́рыба, аршанскай СШ №3 Ала Сіняўская удастоены Падзякі старшыні аблвыканкама.
— Вы — малайцы! — звярнуўся да педагогаў Мікалай Мікалаевіч. — Вы лепшая каманда ў рэспубліцы. Можа, гэта і ёсць першасны вынік, які мы атрымалі дзякуючы нашым невялікім рэформам, пачатым у адукацыі. Напэўна, поспех — гэта заканамернасць… Калі ўлада стварае ўмовы для прафесійнай рэалізацыі педагогаў, для таго, каб вы маглі максімальна данесці веды да дзяцей, тады ёсць вынік. Думаю, гэта толькі пачатак.
Што яшчэ павінна зрабіць улада для развіцця адукацыі і для атрымання дзецьмі якасных ведаў, для таго, каб яны знайшлі сябе ў жыцці і сталі годнымі грамадзянамі сваёй краіны? Гэтыя пытанні абмеркаваў Мікалай Шарснёў у гутарцы з педагогамі.
\"Віцьбічы\".