Маштабныя праекты ў АПК і будаўніцтве абмеркавалі ў Віцебскім аблвыканкаме з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі

Масштабные проекты в АПК и строительстве обсудили в Витебском облисполкоме с представителями китайской компании
Маштабныя праекты ў аграпрамысловым сектары, торфаперапрацоўцы і будаўніцтве абмеркавалі на сустрэчы старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі «Шаньдун Хуалян Грынхаус Інжынірын».

– Мы высока цэнім цікавасць кітайскага бізнесу да нашага рэгіёну, – адзначыў кіраўнік вобласці. – Сельская гаспадарка – адзін з прыярытэтных напрамкаў для нашай вобласці, і мы зацікаўлены ў вытворчасцях, звязаных з вырошчваннем агародніны. Перспектыўныя і запатрабаваныя і іншыя праекты кітайскага боку, у прыватнасці, па здабычы торфу, будаўніцтве нерухомасці.

Аляксандр Субоцін выказаў упэўненасць у тым, што супрацоўніцтва з кітайскай кампаніяй стане важным крокам у развіцці сельскагаспадарчай галіны рэгіёну і будзе спрыяць укараненню сучасных тэхналогій у вытворчасць.

Кітайскі бок, як растлумачыла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, прапанаваў шэраг рэгіянальных праектаў у Верхнядзвінскім, Лёзненскім раёнах, Полацку і Оршы. На працягу некалькіх дзён прадстаўнікі кампаніі «Шаньдун Хуалян Грынхаус Інжынірын» наведвалі раёны Віцебшчыны.

– Першапачаткова ішла размова пра цяплічную гаспадарку для вывядзення кветак, а сёння з'явіліся вытворчасць і перапрацоўка торфу, будаўніцтва гасцініц, жылых кварталаў, вырошчванне агародніны адкрытага грунту. Перспектывы вялікія. Мы абмеркавалі сістэму падаткаабкладання, прадастаўлення зямельных участкаў, будаўнічыя нормы. Звярнулі ўвагу на тэхналогіі, якія некалькі адрозныя для дзвюх краін, – расказала Анжаліка Нікіціна.

Кіраўнік кампаніі «Шаньдун Хуалян Грынхаус Інжынірынг» Чэнь Хунлян агучыў канкрэтныя праекты, якія кітайскі бок хацеў бы рэалізаваць. Гэта вырошчванне агародніны на пляцоўках сельскагаспадарчага філіяла РВУП «Віцебскэнерга» – цяплічнай гаспадаркі «Вясна – Энерго» у Полацку, клубніц у Верхнядзвінскім раёне, узвядзенне цяпліц для кветак у Аршанскім, вытворчасць агародніны ў адкрытым грунце на памежнай тэрыторыі ў Лёзненскім раёне. Акрамя таго, кампанія гатова ўзводзіць жылыя кварталы і гасцініцы, а таксама заняцца перапрацоўкай торфу. Доля ўдзелу кітайскага бізнесу ў дадзеных праектах ад 25 да 100 %.

Як падкрэсліла Анжаліка Нікіціна, для Віцебшчыны гэта першы маштабны праект з кітайскай кампаніяй, з якой сустракаўся кіраўнік дзяржавы падчас візіту ў Паднябесную. Каштоўна, што для яго рэалізацыі выбраны наш рэгіён.

«Віцебскія весці»