Кляштар бернардзінцаў у Дубровне прададзены на аўкцыёне за базавую велічыню
На электронным аўкцыёне, арганізаваным камітэтам дзяржмаёмасці Віцебскага аблвыканкама, быў прададзены невыкарыстоўваны помнік архітэктуры XIX стагоддзя ‒ будынак кляштара ў горадзе Дуброўна.
Манахі-бернардынцы пасяліліся ў Дуброўне яшчэ напачатку 17 стагоддзя. У 1630 годзе тут быў пабудаваны драўляны мужчынскі кляштар.
На жаль, будынкі таго часу да нашых дзён не захаваліся, а дайшоў толькі мураваны жылы корпус, узведзены ў 1809 годзе.
Гэты мураваны корпус быў пабудаваны пры новым уладальніку Дуброўна ‒ Францішку Любамірскім. Ёсць нават легенда, згодна з якой менавіта па даручэнні Любамірскага падпалілі касцёл бернардынцаў. Маўляў, у помсту манахам за тое, што абвянчалі яго дачку з бедным шляцічам. Аднак хутка раскаяўшыся ў зробленай справе, Любамірскі заняўся аднаўленнем кляштара.
За апошнія гады будынак кляштара 7 разоў прапаноўваўся да продажу на аўкцыёне, але ахвотных набыць аб'ект не было.
Новым уласнікам стала прыватнае прадпрыемства з Мінска, якое працуе ў сферы аховы здароўя.
Кошт продажу склаў 44 беларускія рублі.
Па ўмовах продажу, новы ўласнік павінен правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў тэрмін не больш за пяць гадоў пасля набыцця будынка.
На дадзены момант, камітэтам да продажу прапануюцца 7 аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сярод іх кляштар у Глыбокім, сядзібныя дамы ў Талачынскім і Ушацкім раёнах, станцыйны дом і корпус спіртзавода ў Сенненскім раёне. Большасць аб'ектаў прапануецца да продажу на аўкцыёне з усталяваннем пачатковага кошту, роўнага адной базавай велічыні.
Усяго з пачатку года камітэтам праведзена 112 выніковых аўкцыёнаў па продажы невыкарыстоўваемай дзяржмаёмасці, што дазволіла не толькі папоўніць дзяржбюджэт на суму 3,410 мільёна рублёў, але і задзейнічаць невыкарыстоўваемыя аб'екты ў развіцці рэгіёна.