На пасяджэнні калегіі пракуратуры абмеркавалі пытанні, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да агнястрэльнай зброі

Адбылося пасяджэнне калегіі пракуратуры вобласці, на якім разгледжаны вынікі вывучэння следча-судовай практыкі і практыкі пракурорскага нагляду па крымінальных справах і матэрыялах аб незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі (арт. 294, 295 КК).

У рабоце калегіі прымалі ўдзел пракуроры гарадоў і раёнаў, Віцебскі транспартны пракурор, начальнікі гарадскіх і раённых аддзелаў унутраных спраў і следчага камітэта, кіраўнікі УУС, УСК па Віцебскай вобласці, Віцебскага абласнога суда, начальнік Віцебскага гарнізона.

Актуальнасць дадзенага аналізу абумоўлена тым, што незаконнае распаўсюджванне і перамяшчэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў ствараюць пагрозу як грамадскай бяспецы ў цэлым, так і жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян, спараджаюць перадумовы для здзяйснення іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. У сувязі з гэтым барацьба з незаконным абаротам зброі павінна займаць асаблівае месца ў дзейнасці праваахоўных органаў.

На калегіі было адзначана, што ў 2018 годзе на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 168 злачынстваў, звязаных з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, што ўдвая больш за ўдзельную вагу дадзенага віду грамадска-небяспечных дзеянняў у цэлым па рэспубліцы.

У мэтах стабілізацыі абстаноўкі ў дадзеным напрамку органамі ўнутраных спраў перыядычна праводзяцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Арсенал», накіраваныя на актывізацыю добраахвотнай здачы, а таксама выманне ў насельніцтва незаконна захоўваемай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выяўленне і ліквідацыю парушэнняў парадку абароту зброі і боепрыпасаў.

Па выніках работы за мінулы год вынята звыш 750 адзінак незаконна захоўваемай грамадзянамі зброі, больш за 27 тысяч адзінак боепрыпасаў.

Разгляд тэмы паказаў, што пры расследаванні крымінальных спраў не заўсёды прымаюцца меры да ўсебаковага, поўнага і аб'ектыўнага даследавання абставін набыцця агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; маюць месца памылкі пры кваліфікацыі дзеянняў вінаватых асоб.

Калегія пракуратуры вобласці намеціла шляхі павышэння ўзроўню пракурорскага нагляду і якасці папярэдняга расследавання па крымінальных справах дадзенай катэгорыі.

Начальнік аддзела пракуратуры вобласці
па наглядзе за адпаведнасцю закону
судовых рашэнняў па крымінальных справах
Аксана Балеева