На асабістым прыёме
«За мной усталявалі відэаназіранне…», «Маёмасць арыштавалі, не магу работнікам выдаць працоўныя кніжкі…», «Скралі вуллі, мы ведаем вінаватага…». На асабістым прыёме пракурора Віцебскай вобласці Вадзіма Валянцінавіча Сушчынскага гучалі самыя розныя скаргі, пытанні і просьбы аб дапамозе.
За дапамогай у вырашэнні праблем да Вадзіма Валянцінавіча звярнуліся сем чалавек. Дзвюх палачанак цікавілі тонкасці прыватызацыі кватэр, дваіх наваполачан – самаўпраўства з іх маёмасцю і дакументамі. Запісалася на прыём сямейная пара, жыхары раёна, а таксама жанчына, якая прадстаўляе інтарэсы мужа.
Вадзім Валянцінавіч даў указанне пракурору Полацкага раёна С.А.Трошка яшчэ раз вярнуцца да разглядаемых пытанняў, пераправерыць і паведаміць аб выніках. Грамадзяне, якія запісаліся на прыём, атрымалі неабходныя тлумачэнні, як службы будуць дзейнічаць далей. Пасля гутаркі з Вадзімам Валянцінавічам тыя, хто звярнуўся на прыём, пакідалі кабінет з падзякай і надзеяй.
- Пытанні сур'ёзныя, але не глабальныя, самыя жыццёвыя, - падвёў вынік асабістаму прыёму пракурор Віцебскай вобласці. – У асноўным звароты датычыліся праваахоўнай тэматыкі. Для нас гэта нагода яшчэ раз старанна і аб'ектыўна праверыць доказы заяўнікаў.
У цэлым ад прыёму ў Полацкім раёне ў Вадзіма Сушчынскага засталіся прыемныя ўражанні, заўваг да працы калег няма. Ну а той факт, што на прыём да пракурора Віцебскай вобласці жыхары раёна ідуць як у апошнюю інстанцыю, кажа аб даверы да наглядных органаў.
Старшы
памочнік пракурора
Полацкага
раёна
юрыст
2 класа Т.Л.Шэбека