На адкрытым пасяджэнні аблвыканкама разгледзелі ход рэалізацыі на Віцебшчыне Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе».
Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, камунальныя і пытанні бытавога абслугоўвання закранаюць інтарэсы кожнага чалавека, уплываюць на сацыяльную стабільнасць, фарміраванне ацэнкі працы ўсёй дзяржаўнай сістэмы. Таму да іх неабходна ставіцца з асаблівай увагай. Аб якасці працы ЖКГ і сферы паслуг можна меркаваць па званках на «прамыя лініі» і пісьмовых зваротах у органы ўлады, сярод якіх больш прэтэнзій, чым падзякаў. Хоць у апошні час назіраюцца значныя зрухі ў гэтай сферы.
Дзяржпраграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» ўключае некалькі раздзелаў. Гэта якасць і даступнасць паслуг, мадэрнізацыя і павышэнне эфектыўнасці цеплазабеспячэння, рамонт жыллёвага фонду, стан ліфтавай гаспадаркі, забяспечанасць спажыўцоў чыстай пітной вадой, а таксама абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў.
– Індыкатарам даступнасці жыллёва-камунальных паслуг з'яўляецца іх своечасовасць і поўната аплаты спажыўцамі, што, у сваю чаргу, цесна звязана з іх сабекоштам, – адзначыў у сваім выступленні начальнік упраўлення ЖКГ аблвыканкама Юрый Дзядзёла.
Што робіцца ў гэтым плане на Віцебшчыне? За студзень – верасень гэтага года на 15,9% зніжаны затраты на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву, што прынесла эканомію ў 22,5 млн рублёў. У цэлым па вобласці забяспечана зніжэнне ўдзельнага расходу электраэнергіі на пад'ём і падачу вады, перапампоўку і ачыстку сцёкавых вод, выпрацоўку цеплавой энергіі.
Адбыліся аптымізацыя прадпрыемстваў, скарачэнне штата, далучэнне неэфектыўна працуючых ЖКГ да стабільных. Так, ужо прынята рашэнне аб уваходзе КУВП «Бароўка» у склад жыллёва-камунальнага прадпрыемства «Лепель». Стаіць пытанне аб рэарганізацыі Ветрынскага УВПП Полацкага раёна. Наспела неабходнасць перадачы некаторых прадпрыемстваў ЖКГ Віцебскага раёна абласному цэнтру.
Эканомныя сродкі накіроўваюцца на дадатковае фінансаванне мерапрыемстваў праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». У прыватнасці, уведзены ў эксплуатацыю тры кацельні на мясцовых відах паліва (у Падсвіллі Глыбокскага, Высокім Аршанскага раёнаў і ў Віцебску), заменены цепласеткі, праведзены капітальны рамонт аб'ектаў водазабеспячэння і бягучы жыллёвага фонду.
Да канца 2016 года доля мясцовых відаў паліва ў сістэме ЖКГ складзе 70%, а ў найбліжэйшай будучыні яе плануецца павялічыць да 75%. Праведзена рэканструкцыя трох цеплакрыніц з устаноўкай катлоў на МВП. На мадэрнізаванай кацельні ў Віцебску ў якасці эксперыменту ўжыты кандэнсацыйныя цеплаўтылізатары, якія дазволілі павялічыць ККД і знізіць расход паліва. Цяпер па паказчыках яна не саступае газавай.
Запланавана пераабсталяванне яшчэ пяці аб'ектаў. Да канца года завершацца работы на кацельні ў пасёлку Андрэеўшчына Аршанскага раёна, дзе будуць устаноўлены два катлы, якія працуюць на паліўнай шчапе. Акрамя гэтага, вядзецца мадэрнізацыя невялікіх кацельняў, якія пераходзяць на пелетнае паліва і не патрабуюць пастаяннай прысутнасці абслуговага персаналу. Устаноўка такога абсталявання адбываецца ў Дубровенскім, Лепельскім, Лёзненскім, Аршанскім, Сенненскім, Шаркаўшчынскім і Шумілінскім раёнах.
Юрый Дзядзёла падкрэсліў, што фактычны сабекошт многіх паслуг, якія аказваюцца ў рэгіёне, ніжэйшы за максімальна дапушчальныя планава-разліковыя цэны. А вось тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду і цеплазабеспячэнне – адно з самых дарагіх у рэспубліцы.
Сярод праблемных пытанняў – высокі ўзровень страт у сетках вады і цеплавой энергіі ўласнай выпрацоўкі, адсутнасць прамых дагавораў на цеплазабеспячэнне паміж прадпрыемствамі сістэмы РУП «Белэнерга» і насельніцтвам па жылым фондзе, які знаходзіцца на абслугоўванні ЖКГ прадпрыемстваў гарадоў вобласці.
На пасяджэнні аблвыканкама прысутнічаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Церахаў, які адзначыў, што на Віцебшчыне пакуль не створана служба заказчыка, якая абараняла б правы грамадзян перад прадпрыемствамі ЖКГ. У Мінску, напрыклад, такая структура дазволіла знізіць кошт некаторых паслуг.
Перад жыллёва-камунальнай гаспадаркай, як падкрэсліў кіраўнік вобласці, стаіць задача працаваць эфектыўна, эканомна і на карысць людзей. Пакуль гэта ў поўнай меры не атрымліваецца. Самы яскравы прыклад нядбайнага стаўлення да справы – залішняя ілюмінацыя ў начным Віцебску, якую не могуць сабе дазволіць многія багатыя еўрапейскія гарады.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці".