На сумесным пасяджэнні калегіі пракуратуры вобласці і прэзідыума Віцебскага абласнога суда ў рэжыме відэаканферэнцсувязі разгледжаны вынікі абагульнення судовай практыкі па грамадзянскіх справах аб накіраванні грамадзян у ЛПП, а таксама эфектыўнасці пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства пры разглядзе гэтых спраў.
Як паказала вывучэнне грамадзянскіх спраў дадзенай катэгорыі, дзейнасць усіх зацікаўленых дзяржаўных органаў і ўстаноў па выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх» (далей – Закон) патрабуе актывізацыі і далейшага ўдасканалення.
У параўнанні з 2016 годам у мінулым годзе некалькі зменшылася колькасць асоб, якія стаяць на ўліку ў урачоў-нарколагаў, з 19 945 чалавек да 19 689 чалавек, з іх якія пакутуюць алкагольнай залежнасцю з 19 080 чалавек да 18 900 чалавек.
Згодна з судовай статыстыкай у параўнанні з 2016 годам у 2017 годзе зменшылася колькасць разгледжаных судамі заяў органаў унутраных спраў аб накіраванні грамадзян у ЛПП з 1248 да 1140. Задаволена 1029 заяў. Пры гэтым 10% заяў прызнаны судом неабгрунтаванымі і ў задавальненні іх адмоўлена.
Вывучэннем судовай практыкі ўстаноўлена, што органамі ўнутраных спраў не заўсёды дакладна выконваюцца патрабаванні Закона, праяўляецца валакіта пры накіраванні грамадзян на медыцынскае асведчанне, накіраванні спраў для разгляду ў суды, а таксама пры выкананні судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу. Нягледзячы на змяншэнне агульнай колькасці паступіўшых у суд заяў, у два разы павялічылася колькасць заяў, пакінутых судом без разгляду, што сведчыць аб пагаршэнні якасці падрыхтоўкі органамі ўнутраных спраў матэрыялаў.
Выяўлены недахопы ў дзейнасці камісій арганізацый аховы здароўя, якія аказваюць наркалагічную дапамогу, пры правядзенні медыцынскага асведчання.
Суды не заўсёды аднастайна падыходзяць да ацэнкі падстаў для накіравання грамадзяніна ў ЛПП. Спрэчным застаецца пытанне, якія метады лячэння ад алкагольнай залежнасці выключаюць накіраванне грамадзяніна ў ЛПП для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі, які тэрмін устрымання ад ужывання алкаголю можа сведчыць аб устойлівай рэмісіі. Часта пасля адмовы ў накіраванні грамадзяніна ў ЛПП у сувязі з прыняццем ім мер да добраахвотнага лячэння, напрыклад, шляхам увядзення прэпарата, які блакуе ўжыванне
алкаголю, гэты грамадзянін зноў прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення.Ізаляцыя ў ЛПП з'яўляецца мерай абмежавання грамадзянскіх правоў асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, парушаюць грамадскі парадак, і ў той жа час спосабам абароны правоў грамадзян, якія пакутуюць ад іх дзеянняў.
На пасяджэнні калегіі пракуратуры вобласці і прэзідыума Віцебскага абласнога суда з удзелам прадстаўнікоў органаў унутраных спраў, устаноў аховы здароўя, старшынь судоў вобласці былі абмеркаваны пытанні прымянення Закона, прынята рашэнне ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кіраўніка дзяржавы аб актывізацыі работы ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў і ўстаноў па прафілактыцы правапарушэнняў, папярэджанні і спыненні гвалту ў сям'і і бытавой злачыннасці.
Начальнік аддзела па наглядзе за
адпаведнасцю закону судовых
пастановаў па грамадзянскіх справах
старшы саветнік юстыцыі І.Ціткова.