На Віцебшчыне абмеркавалі крымінагенную абстаноўку ў моладзевым асяроддзі
Чаму прадстаўнікі пакалення «next» пераступаюць мяжу закона, якімі з'яўляюцца наступствы іх дзеянняў, якія звёны ў сістэме прафілактычнай работы з імі даюць збой? Гэтыя аспекты абмяркоўваліся на сумесным пасяджэнні абласнога каардынацыйнага савета па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта №18 і камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама.
Імёны цяжкіх падлеткаў нярэдка фігуруюць у міліцэйскіх зводках і нават прысудах суда. «У мінулым годзе па завершаных крымінальных справах падлеткам прад'яўлены абвінавачванні ў здзяйсненні 285 злачынстваў, а ў 2014-м — 268», — канстатаваў начальнік упраўлення правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Аляксандр Руколь, дадаючы, што асабліва востра стаіць пытанне здзяйснення падлеткамі проціпраўных дзеянняў у стане алкагольнага ап'янення.
Нярэдка яны капіруюць асацыяльныя паводзіны сваіх бацькоў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. У пастаяннае напружанне і чаканне таго, што ў любую хвіліну на іх можа абрынуцца гнеў п'янага бацькі, прымушае непаўналетніх шукаць увагі сярод аднагодкаў, якія часам негатыўна на іх уплываюць. Уліваючыся ў такое асяроддзе, часта хлопцы спрабуюць «забаронены плод» за кампанію. У адурманенаму стане, не ўсведамляючы ўсёй цяжкасці адказнасці, здзяйсняюць сур'ёзныя проціпраўныя крокі.
— хуліганства, крадзеж транспартных сродкаў, прычыненне цялесных пашкоджанняў. Ідуць «на справу» самастойна, да гэтага падбухторваюць і дарослыя, карыстаючыся псіхічнай няўстойлівасцю рабят, гуляючы на пачуццях. Вырашаюцца і на групавыя злачынствы, узровень якіх застаецца ў Прыдзвінне высокім.Цёмны след у біяграфіі непаўналетніх пакідае незаконны абарот наркотыкаў. Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе ў параўнанні з 2014-м па гэтай лініі адбыўся нязначны рост злачынстваў — з 35 да 36 выпадкаў, праблема ўсё яшчэ застаецца актуальнай у нашым рэгіёне. Стала больш і рэцыдыўных злачынстваў з удзелам падлеткаў. Сярод станоўчых фактаў — не дапушчана павелічэння цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, не зафіксавана рабаванняў.
Аналізуючы крымінагенную абстаноўку ў моладзевым асяроддзі, Аляксандр Руколь звярнуў увагу на недастатковую працу ўстаноў адукацыі па выяўленні правапарушэнняў і злачынстваў, учыненых падлеткамі. У школах, каледжах, ліцэях рабяты становяцца фігурантамі маёмасных злачынстваў — а гэта крадзяжы рэчаў з гардэробаў і раздзявалак. На пасяджэнні таксама падкрэсліваліся неабходнасць і важнасць адладжвання механізму па аператыўным інфармаванні зацікаўленых органаў аб праблемах навучэнцаў. Калі своечасова не адрэагаваць на парушэнне, не растлумачыць дзіцяці пагубнасць невыканання законаў, можна спарадзіць у ім пачуццё ўседазволенасці, а гэта прывядзе да больш сур'ёзных наступстваў. Такую думку выказаў старшы памочнік пракурора вобласці Антон Волкаў.
Сярод асноўных прычын павелічэння падлеткавай злачыннасці — незанятасць маладых людзей, схільных да асацыяльных паводзін.Удзельнікі абмеркавання, абменьваючыся думкамі, вызначылі меры, якія варта прыняць адказным службам па арганізацыі летняй занятасці дзяцей, розных формаў вольнага часу і аздараўлення, працаўладкавання. Падводзячы вынікі пасяджэння, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў падкрэсліў, што кожнае дзіця павінна быць на кантролі і для гэтага суб'ектам прафілактыкі варта максімальна задзейнічаць арсенал розных мер і метадаў. Галоўнае ў прафілактычнай рабоце — дайсці да кожнага падлетка, удзельнічаць у яго лёсе, паказаўшы жыццё ў светлых танах, і тады перамены да лепшага абавязкова наступяць.
Вольга БУЛАВКА, «Віцебскія весці».