На Віцебшчыне зроблена з душой. Што прадставіла вобласць на выставе-кірмашы Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі
26.06.2026
Віцебская вобласць прывезла на XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі тое, чым багаты рэгіён – свае брэнды і візітныя карткі. Каўбасы, сыры, вэнджаніна, згушчонае малако, кабельна-правадніковая прадукцыя, тэлевізійная і іншая тэхніка, абутак, мэбля і многае іншае. Патэнцыял прадстаўлены паўнавартасна – ад прамысловасці да турызму, з культурнай праграмай, рамеснай дзейнасцю.
Выстава-кірмаш беларускіх і расійскіх вытворцаў, найбуйнейшых галіновых холдынгаў, рамеснікаў, прадстаўнікоў бізнесу і сферы гандлю пачала працу ў Мінскім міжнародным выставачны цэнтры BELEXPO. Акцэнт – на рэгіёны дзвюх краін.
З напаўненнем стэнда паўночнага рэгіёна азнаёміліся старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.
Сёння падчас працы выставы-кірмашу Аляксандр Рагожнік сустрэўся з губернатарамі і прадстаўнікамі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Як падкрэсліла Анжаліка Нікіціна, вялікая колькасць гасцей экспазіцыі Віцебскай вобласці пацвердзіла «абсалютны патэнцыял прадукцыі рэгіёну».
– У нас ёсць пэўныя дамоўленасці па пастаўках харчовай прадукцыі ў Расійскай Федэрацыі, але не толькі. Гэта і наша так званая цяжкая прамысловасць – водаачыснае абсталяванне (у прыватнасці, былі дамоўленасці з Саратаўскай вобласцю), прадукцыя кампаній ПА «Энергакамплект», «Гідрапрэс», лёгкай прамысловасці. Усё, што мы сёння вырабляем, выклікае цікавасць у расійскіх рэгіёнах. Расія застаецца нашым стратэгічным партнёрам, на яе прыпадае 70% экспарту. Віцебская вобласць гандлюе практычна з усімі расійскімі рэгіёнамі, – адзначыла Анжаліка Нікіціна.
Сваю прадукцыю на выставе-кірмашы прадстаўляюць больш за 20 флагманскіх прадпрыемстваў Віцебшчыны, уключаючы «Віцебскхлебпрам», Віцебскі, Глыбоцкі, Міёрскі мясакамбінаты, кампанію «Марка», Віцебскі футравы камбінат, фабрыку «Саўлукоў-Мэбля», «Энергакамплект», «Інвет», «ВІК-Здароўе жывёл», «Віцязь», «БелВітуніфарм» і іншыя.
Прадстаўлены турыстычны і культурны патэнцыял Прыдзвінскага краю.