На пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна
На пасяджэнні разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці, гаворка ішла аб задачах на бягучы год. Губернатар адзначыў, што ключавая задача для рэгіёна ў цэлым і кожнага канкрэтнага прадпрыемства ў прыватнасці - павышэнне эфектыўнасці дзейнасці. Неабходна выбудаваць стратэгію развіцця, вызначыцца з першачарговымі і доўгатэрміновымі мэтамі. Прыярытэт бягучага года - дасягненне сярэдняга ўзроўню зарплаты ў $500.
"Каб выканаць гэту задачу, неабходна павялічыць аб'ём ВРП у 1,6 раза. Працуючы па метадзе накатанай каляіны, гэтага дасягнуць немагчыма. У нас павінна быць стратэгічнае планаванне. Неабходна шукаць рашэнні, уносіць прапановы па зніжэнні затрат і выразна бачыць перспектыву", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
У сувязі з гэтым адзначалася, што ў найбліжэйшы час адбудзецца змена кіраўніцтва ў ААТ "БелВітуніфарм". З негатыўнага боку была ахарактарызавана і работа кіраўніцкага звяна ААТ "Абольскі керамічны завод" (на прадпрыемстве праведзена маштабная мадэрнізацыя, але прадукцыя не рэалізуецца). Губернатар адзначыў, што ў цэлым трэба сур'ёзна прапрацаваць пытанні далейшай дзейнасці прадпрыемстваў будаўнічай галіны. У прыватнасці, варта сканцэнтравацца на вырашэнні праблем ААТ "Даламіт", у сабекошце прадукцыі якога львіную долю затрат займаюць энергетычныя рэсурсы.
Алена Ціханава – БЕЛТА.