Парушэнне закону – лад жыцця.

Як казаў адзін вядомы персанаж з фільма «Джэнтльмены удачы» Сан Саныч: «Скраў, выпіў – у турму! Скраў, выпіў – у турму! Рамантыка!».

Так і адбываецца па жыцці з грамадзянінам М.

Пачынаючы з 24 гадоў у дачыненні да М. узбуджаліся крымінальныя справы. Спачатку па арт.174 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей альбо ад узнаўлення расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца або знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні), затым па арт.214 КК Рэспублікі Беларусь (угон транспартнага сродку), пасля па арт.380 КК Рэспублікі Беларусь (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штэмпеляў, пячатак, бланкаў), а апошняя судзімасць - арт.205 КК Рэспублікі Беларусь (крадзеж).

Грамадзянін М. асуджаўся за ўказаныя злачынствы да пакаранняў у выглядзе грамадскіх работ, абмежавання волі, пазбаўлення волі.

Усе злачынствы здзяйсняліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Так і ў гэты раз, у дзень вызвалення з месцаў пазбаўлення волі М. прыбыў на чыгуначны вакзал станцыі Орша-Цэнтральная, дзе пазнаёміўся з грамадзянінам Л., які, па збегу абставін, таксама ў гэты ж дзень вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Знайшоўшы агульныя інтарэсы М. і Л. вырашылі адзначыць сваё вызваленне ў кафэ, размешчаным на вакзале.

Паколькі Л. ужо паспеў набыць у ламбардзе мабільны тэлефон, то дазволіў М. патэлефанаваць з яго сваёй сястры.

Пасля нядоўгага распіцця спіртных напояў М. вылічыў час, калі Л. выйшаў пакурыць з кафэ на вуліцу, і выкраў пакінуты пацярпелым мабільны тэлефон на століку кафэ.

Вярнуўшыся, Л. выявіў прапажу тэлефона і адразу паведаміў аб здарэнні ў Аршанскі АУС на транспарце. Дзякуючы аператыўным і зладжаным дзеянням работнікаў міліцыі на працягу гадзіны М. затрымалі з выкрадзеным мабільным тэлефонам на аўтавакзале станцыі Орша.

Прыгаворам суда Аршанскага раёна і г. Оршы М. прызнаны вінаватым у таемным выкраданні маёмасці. М. прызначана пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін 3 месяцы.

Намеснік Віцебскага транспартнага пракурора Е.А.Казакова